19:20
Правакатары закідалі ўдзельнікаў шэсця на Дзень Незалежнасці яйкамі.
Момант правакацыі ў відэа — 1:17:35.
19:10
Удзельнікі дайшлі да плошчы Незалежнасці. У каментары «Нашай Ніве» Зміцер Дашкевіч ацаніў акцыю як удалую і натхняльную. На завяршэнне ўдзельнікі праспявалі «Магутны Божа».
18:50
Калона дайшла да Кастрычніцкай плошчы. Зміцер Дашкевіч раздае мінакам бчб-стужкі і віншуе іх з Днём Незалежнасці. Чуваць выгукі «Жыве Беларусь!»
18:40
Удзельнікі рушылі на праспект Незалежнасці. У суправаджэнні, вядома — міліцыянты і людзі ў цывільным, якія здымаюць усё на відэа.
18:30
Міліцыя складае пратаколы на ўсіх, хто чытаў вершы.
18:20
З'явіліся міліцыянты, падышлі да Змітра Дашкевіча. Той заяўляе, што не разумее па-расейску.
18:15
Людзі ўсё падцягваюцца, удзельнікаў ужо каля 50. Па-над грамадой лунаюць каля 30 бел-чырвона-белых сцягоў. Пачаліся чытанні вершаў Янкі Купалы.
18:05
Непадалёк ад помніка стаяць тры выбарчыя пікеты праўладных кандыдатаў.
18:00
У скверы Янкі Купалы сабралося некалькі дзясяткаў чалавек. Прыйшлі палітык Мікола Статкевіч з жонкай, лідар «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец.
***
Перад пачаткам святочнага шэсця па праспекце Незалежнасці «Малады Фронт» заклікае ўсіх патрыётаў узяць удзел у «Купалаўскіх чытаннях»: трэба выбраць нацыянальна-патрыятычныя творы Янкі Купалы і прадэкламаваць іх ля помніка паэту. Акцыя пачнецца каля 18:00.
У «Купалаўскіх чытаннях» возьме ўдзел паэт Славамір Адамовіч, які будзе ўзначальваць журы конкурсу і вызначыць пераможцаў. Яны атрымаюць каштоўныя падарункі ад арганізатараў мерапрыемства.
Пасля конкурсу «Малады Фронт» запрашае ўсіх ахвотных на святочнае рушанне па праспекце Незалежнасці пад нацыянальнымі сцягамі Беларусі.
Таксама ў межах мерапрыемства адбудзецца акцыя #беларускаястужка з раздачай бел-чырвона-белай стужкі ад «Арт-Сядзібы».





