Старшыня Мінгарвыканкама Андрэй Шорац раскрытыкаваў падыходы да статыстычнай справаздачнасці, вядзенне якой ускладаецца на педагогаў.

Выступаючы на форуме педагагічных работнікаў Мінска «Сталічная адукацыя. Стратэгія развіцця» 25 жніўня, ён быў здзіўлены тым, што сталічная сістэма адукацыі збірае непатрэбную статыстыку. У прыватнасці ён закрануў забяспечанасць спартыўным інвентаром у раёнах горада.

«Я паглядзеў сёння даведнік «Сталічная адукацыя. Лічбы і факты. Даведачныя інфармацыйныя матэрыялы», і мне здаецца, мы зусім ужо зарэгуляваліся. Калі мы ўжо збіраем звесткі пра забяспечанасць спартыўным інвентаром, лыжным, калі важна, што ў Заводскім раёне іх пяць, а ў Ленінскім — 51, а ў Маскоўскім і Кастрычніцкім няма, я не разумею, няўжо ў нас няма іншай працы, чым збіраць гэтую статыстыку? Для чаго гэта ведаць вам ці мне?»

Шорац дадаў: «Тое ж да відэамагнітафонаў, якімі сёння ўжо ніхто не карыстаецца, гэта мінулае стагоддзе. Ад таго, што ў Ленінскім раёне іх 19, а ў Заводскім і Маскоўскім — нуль, не думаю, што навучальны працэс пагоршыцца. Я прашу перагледзець вось гэтую справаздачнасць і прыбраць адтуль статыстыку, якая не ўплывае на прыняцце кіраўніцкіх рашэнняў».

Ён заклікаў вызваліць педагогаў ад непатрэбнай працы, каб даць ім час і магчымасць выконваць свае непасрэдныя функцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?