Пераможца Лігі чэмпіёнаў УЕФА ў складзе «Рэала» (Мадрыд) і чэмпіён Еўропы ў шэрагах зборнай Партугаліі, форвард Крыштыяну Раналду стаў найлепшым гульцом кантынента ў сезоне 2015—2016.
Getty
Цырымонія выбару еўрапейскага футбаліста нумар адзін у жывым эфіры транслявалася на сайце УЕФА.
Раналду ў другі раз заваяваў гэтае званне. Яго супернікамі былі аднаклубнік з «Рэала» Гарэт Бэйл і форвард з «Атлетыка» (Мадрыд) Антуан Грызман.
Па правілах УЕФА, журналісты з 55 краін, якія ўваходзяць у Еўрапейскую асацыяцыю футбольных федэрацый, называюць па пяць найлепшых, з іх пункту гледжання, гульцоў. Першы намінант атрымлівае пяць ачкоў, другі — чатыры і гэтак далей.
Дзясятка футбалістаў, якія набралі найбольшую колькасць ачкоў, выходзіць у другі раўнд адбору.
Пераможцамі другога тура сталі Раналду, Бэйл і Грызман. У ходзе электроннага галасавання, якое праводзілася ў рэжыме рэальнага часу, тыя ж 55 журналістаў выбралі фаварыта з кароткага спісу.





