Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Фота Дар'і Буракінай, Tut.by

Найлепшая беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка правяла 25-26 жніўня ў Мінску трэніравальны лагер для юных спартсменаў. У апошні дзень яна ўдзяліла крыху часу беларускім журналістам, падзялілася ўражаннямі ад кэмпа і адказала на пытанні аб вяртанні ў вялікі спорт, грамадзянстве дзіцяці і выбары месца нараджэння малога.

«Пакуль яшчэ рана мне вырашаць, але нараджэння дзіцяці ў Беларусі ў мяне, на жаль, не атрымаецца, але грамадзянства падвойнае будзе абавязкова», — сказала Вікторыя Азаранка.

Адказваючы на пытанне пра сваё вяртанне ў вялікі спорт, яна заўважыла, што хацела б ужо згуляць на U.S. Open, які праходзіць кожны год у канцы жніўня.

Азаранка засталася задаволеная, як прайшоў трэніравальны лагер. «Мяне парадавала, што ўсё вельмі стараліся, прымалі інфармацыю, якую ім давалі. Былі і слёзы, былі і радасці! Гэта заўсёды на дзіцячых турнірах прысутнічае і гэта прыемна».

Аднак, Вікторыя сказала, што не гатовая працаваць дзіцячым трэнерам. «На поўную мне пакуль цяжка працаваць. Я ўсё ж такі пакуль яшчэ спартсменка, я думаю, як спартсменка, а не як трэнер».

Азаранка прызналася, што яна рэалізавала сваю дзіцячую мару: «Я заўсёды хацела, каб да нас нехта прыехаў з вядучых тэнісістаў. Мне заўсёды было прыемна, што хтосьці прыязджаў на ф'ючарсы, на Кубак Дэвіса, на Кубак Федэрацыі. Мы заўсёды ім падавалі мячы. Было прыемна знаходзіцца побач з сусветнымі зоркамі. Мне заўсёды хацелася, каб дзеці адчувалі такую падтрымку ад мяне. Для мяне гэта не складана, а дзецям гэта прыемна».

Вікторыя не выключыла, што ў будучыні такія лагеры могуць стаць міжнароднымі. «Таксама хацелася б развіваць іх у рэгіёнах Беларусі. Тэніс трэба развіваць не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах».

Ацэньваючы ўзровень маладых беларускіх тэнісістак, такіх як Вера Лапко і Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка заўважыла, што ім яшчэ ёсць куды расці. «Патэнцыял у іх ёсць, але мне не хацелася б, каб завастралі ўвагу на юніёрскіх перамогах, таму што яны не прыводзяць у прафесійным спорце вельмі далёка. Важна, каб не знікаў голад і імкненне да перамог».

Азаранка дадала, што яна даволі жорстка пагутарыла з імі на Кубку Федэрацый. «Мая задача, як лідара, казаць ім праўду», - дадала Вікторыя.

Нагадаем, што ў ліпені Вікторыя Азаранка абвясціла на сваёй старонцы ў Facebook, што ў канцы года стане мамай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?