У Беларускай дзяржаўнай сельгасакадэміі (БДСГА) у Горках адміністрацыя пры канцы красавіка зьнішчылі тыраж мэтадычкі для студэнтаў-завочнікаў. Аўтарамі гэтага шараговага для ўстановы навучальнага дапаможніка па гісторыі Беларусі, адрасаванага студэнтам завочнікам, былі выкладчыкі катэдры гісторыі й культуралёгіі.

Фармальнай падставай стала тое, што пры друку на апошняй старонцы выданьня выпалі 20 назваў кніг, рэкамэндаваных для вывучэньня. Праўдзівае ж незадавальненьне адміністрацыі выклікаў зьмест мэтадычкі — “неадпаведны дзяржаўнай ідэалёгіі”. Не ўратавалі дадатныя водгукі рэцэнзэнтаў і навукова-мэтадычнай рады акадэміі. Брашура, выдадзеная на сродкі акадэміі накладам 500 асобнікаў, пасьпела “пражыць” каля тыдня. Частку яе накладу аддалі ў мэтадычны кабінэт катэдры, частку меркавалі прадаць студэнтам-завочнікам. Аднак прадстаўнікі рэктарату забралі ўвесь наклад і запатрабавалі ад аўтараў здаць нават аўтарскія асобнікі.

Пагадзіліся ня ўсе. Прафэсару гісторыі Аляксандру Каданьчыку і Валер’ю Шчэрбаву прарэктар па выхаваўчай рабоце Аляксандар Чачоткін пагражаў крымінальнай адказнасьцю за крадзеж дзяржмаёмасьці — так ён назваў іхную адмову аддаць аўтарскія асобнікі. Абодва выкладчыкі зазначылі, што аўтарскія асобнікі ёсьць іхнай уласнасьцю паводле закону ды прапанавалі: “Калі вам так хочацца, дык мы можам выкупіць свае брашуры за любы кошт”.

Што ж выклікала “ідэалягічны пераляк” у адміністрацыі БДСГА? А.Каданьчык, пішучы пра Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, ставіў яе поруч з Трэцяй устаўнай граматай БНР і Маніфэстам пра абвяшчэньне БССР. Згадаў, што дзень 27 ліпеня нездарма лічыўся дзяржаўным сьвятам. Аўтар разьдзелу пра другую сусьветную вайну В.Шчэрбаў распавядаў пра розныя погляды на праблему, згадваў спрэчныя пытаньні з гісторыі партызанскага руху. Усё гэта ім паставілі ў віну.

Для Каданьчыка гэта сутычка з адміністрацыяй БДСГА ня першая. Актывіст ТБМ, у прэзыдэнцкую кампанію ён увайшоў у ініцыятыўную групу Мілінкевіча. У студзені 2006 г. яго выклікалі ў рэктарат і патрабавалі выйсьці з групы. Аднак прафэсар, які дапрацоўвае апошні год перад пэнсіяй, пагрозаў не спалохаўся. Што праўда, чакаць падаўжэньня кантракту пасьля ўсіх гэтых канфліктаў яму не выпадае.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0