Па маёй ці тваёй,
не па нечай — па нашай віне
Беларусь, як чужая, у крэўнай сваёй старане.
І калі памірае праз роспач і скруху паэт,
Ён не той пакідае, у якім нарадзіўся, сусвет.

Той сусвет быў Айчынай. Калыскай ягонаю быў.
Ён паэта люляў, малаком белай мовы паіў,
Баіў байкі яму —
Там у кожным паэтавым сне
Бай хадзіў па сцяне
У чырвонам сваім каптане…

Баю-бай, баю-бай. Спяць, раскінуўшы рукі, сыны.
Сняцца некаму рускія, некаму польскія сны.
А каму беларускія — той прачынаецца ў снах
І крычыць! І не чуе! Не бачыць! Бо прывід! Бо жах!

Спіце, воі. Мужчыны. Далёка яшчэ да відна.
Вы праспалі Айчыну! І ў снах беларускіх яна
Не Пагоняй ляціць, а ваўчыцай на бруху паўзе
І сама сабе лапу, каб вырвацца з пасткі, грызе.

Баю-бай, баю-бай. Спіце, дзеткі, бяспамятным сном.
Маладыя ваўкі! Піце матчыну кроў з малаком!..
Даганяйце па следзе, што ў кожным паэтавым сне
Чырванее на лёсе,
на лёне,
на белым, як смерць, палатне…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?