У рэдакцыю «Нашай Нівы» патрапіла анкета пад назвай «Меркаваньне студэнтаў пра ВНУ і розныя аспэкты свайго жыцьця». На вокладцы пазначана, што распрацаваная яна ў траўні 2008 г. Інфармацыйна‑аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Анкету гэтую нібыта распаўсюджвалі сярод студэнтаў аднаго зь менскіх ВНУ

Апытанка прапануе адказаць на 76 пытаньняў. Сярод іх трапляюцца, як датычныя выключна жыцьця студэнтаў, гэтак і аспэктаў грамадзка‑палітычнага жыцьця ‑‑ удзел у будучых парлямэнцкіх і прэзыдэнцкіх выбарах, стаўленьне да мовы і г.д. Так, студэнтаў просяць адказаць, за якога кандыдата яны гатовыя прагаласаваць на бліжэйшых парлямэнцкіх выбарах, а таксама на прэзыдэнцкіх — у выпадку, калі б яны адбыліся заўтра.

Варта адзначыць, што сярод варыянтаў адказаў знайшлося месца для апазыцыйных кандыдатаў увогуле (выбары ў парлямэнт), і для Аляксандра Мілінкевіча з Аляксандрам Казуліным (выбары прэзыдэнта). Акрамя таго рэспандэнтам прапануецца ацаніць ролю апазыцыі ў нашым грамадзтве ды адказаць на пытаньне, ідэі і праграмы якіх палітычных партыяў найбольш ім імпануюць (у сьпісе прысутнічаюць усе вядомыя апазыцыйныя партыі).

Пытаньне №24 мае на мэце высьветліць, ці лічыць сёньняшняе студэнцтва дастатковай увагу дзяржавы да разьвіцьця нацыянальнай культуры. Наступнае па ліку пытаньне датычыць беларускай мовы — «Ці задавальняе Вас існы стан беларускай мовы ў рэспубліцы?». Асобнае пытаньне высьвятляе ступень дачыненьня студэнтаў да БРСМ.

Рэспандэнтам таксама прапануецца аддаць сымпатыі гістарычным дзеячам (ня больш, чым тром), сярод якіх называюцца князь Вітаўт, Кастусь Каліноўскі, Тадэвуш Касьцюшка, Вацлаў Гавэл, але й Іосіф Сталін, Пётар І, Юры Андропаў. Ідэальнага палітыка сярод замежных дзеячоў прапануецца пашукаць сярод такіх асобаў, як Уга Чавэса, Фідэля Кастра, Нурсултана Назарбаева, Хілары Клінтан ды іншых.

Міжнародную тэматыку працягвае пытаньне пра тое, што найбольш непакоіць сучаснага студэнта ў сьвеце. Гэта й напружанасьць у адносінах Беларусі з краінамі Эўразьвязу, і санкцыі ЗША супраць «Белнафтахіму», і праблемы ў дачыненьнях з Расеяй, а таксама непрыхаваная агрэсіўнасьць зьнешняй палітыкі ЗША ў дачыненьні Беларусі ды іншых краінаў, якая ўвесь час расьце.

Зьвяртае ўвагу на сябе шэраг пытаньняў, прысьвечаных абавязковаму разьмеркаваньню выпускнікоў ВНУ. Адно зь іх мае высьветліць, ці ведаюць увогуле будучыя спэцыялісты пра фінансавую адказнасьць за няяўку на месца разьмеркаваньня.

Асобным блёкам ідуць пытаньні, датычныя СМІ, якім апытаныя аддаюць перавагу. Сярод друкаваных выданьняў прапануюцца на выбар ня толькі дзяржаўныя, а сярод тэлеканалаў — таксама польскія і літоўскія.

Падсумоўваючы, можна адзначыць, што тэматыка і падбор пытаньняў робяць надзвычай цікавымі вынікі апытаньня. Застаецца толькі ўласна пытаньне, ці будуць яны апублікаваныя і даступныя грамадзтву.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0