9 траўня ў сеціве зьявілася старонка «Крытычная маса ў Горадні».

«Крытычную масу» часам завуць «веласіпедным флэшмобам» - і сапраўды, «прылады» флэшмоба (хуткае з’яўленне, прытрымліванне зададзенаму сцэнару і маршруту, масавасць, распаўсюджванне інфармацыі праз альтэрнатыўныя крыніцы і г.д.) выкарыстоўваюцца пры правядзенні КМ. Галоўнае адрозненне - у мэтах мерапрыемства.

КМ - гэта спосаб веласіпедыстаў заявіць аб сваёй прысутнасці на дарогах і неабходнасці раўнапраўнага руху на іх.

«У Горадні вельмі добры патэнцыял для перамяшчэння па горадзе менавіта на роварах - вузкія вулачкі, вялікі гістарычны цэнтр, невялікі «роскід» паміж дзелавымі і жылымі раёнамі і г.д.», - гаворыць адзін са стваральнікаў старонкі.

«І ровараў у горадзе таксама вялізная колькасць - з кожным годам усё больш! Але нягледзячы на гэта па-ранейшаму адсутнічае элементарная веласіпедная інфраструктура - веласіпедныя дарожкі, месцы паркоўкі, знакі на дарогах. Пры гэтым ні ў каго не ўзнікае пытанняў, калі сотні аўтамабіляў струменем едуць па дарозе. А вось групу веласіпедыстаў, да прыкладу, упэўніваюць у тым, што для іх сумеснага руху па дарозе неабходны дазвол «зверху»... Мы лічым, што пытанне наспела і гэтую сітуацыю пара мяняць».

Як гаворыцца на старонцы «Крытычнай масы ў Горадні», акцыя аб’ядноўвае ўсіх - веласіпедыстаў розных узростаў, стыляў катання і інш. «Наша сіла - у згуртаванасці і яднанні! У нас ёсць агульныя інтарэсы і дабіцца іх лягчэй, калі мы разам!» - кажуць стваральнікі.

Да нядаўняга часу акцыі КМ у Беларусі праходзілі ў асноўным у сталіцы. Горадня стала першым абласным горадам, дзе з’явілася бачына КМ.

Меркавана, першая акцыя Крытычная маса ў Горадні адбудзецца 27 альбо 28 траўня 2006г. Зараз на сайце krutipedali.info абмяркоўваецца сцэнар і маршрут акцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0