Новы пракол Уга Чавэса: улады Калюмбіі арыштавалі афіцэра вэнэсуэльскай Нацыянальнай гвардыі, які перавозіў 40 тысяч патронаў да аўтаматаў Калашнікава.
Улады Калюмбіі мяркуюць, што груз прызначаўся для тэрарыстаў з арганізацыі ФАРК, што вядуць узброеную барацьбу супраць калюмбійскага ўраду.
Вэнэсуэльскага афіцэра, яшчэ аднаго грамадзяніна Вэнэсуэлы і двух калюмбійцаў затрымалі ў Пуэрта-Нарыньё на ўсходзе Калюмбіі.
У той жа дзень, у які гэта здарылася, Чавэс адмяніў свой дэкрэт аб рэарганізацыі вэнэсуэльскіх спэцслужбаў.
Пацьверджаньне сувязяў Чавэса з ФАРК можа зашкодзіць ягоным пазыцыям як унутры краіны, так і за межамі. Паводле апытаньняў, 90 % вэнэсуэльцаў асуджаюць дзейнасьць ФАРК. Калюмбійская герылья ўнесеная ў амэрыканскі і эўрапейскі сьпісы міжнародных тэрарыстычных арганізацый. Вэнэсуэле тым самым пагражае трапляньне ў сьпіс дзяржаваў-спонсараў тэрарызму.