У нядзелю на чэмпіянаце Эўропы па футболе, што праходзіць у Аўстрыі і Швайцарыі, прайшлі гульні ў групе «В».

Зборная Нямеччыны перамагла зборную Польшчы - 2:0.

Цікава, што два галы – на 20-й і 74-й хвіліне – на рахунку форварда «Баварыі» польскага паходжаньня Лукаша Падольскага. Прычым падчас першага забітага мячу яму асыставаў другі польскі немец – Міраслаў Клозэ.

Хіба толькі перамога Робэрта Кубіцы на Гран-Пры Канады (Формула-1) крыху адцяняе негатыўныя эмоцыі гэтага дня для польскага балельшчыка.

Сёньня зборная Харватыі выйграла ў каманды-гаспадыні – аўстрыйскай зборнай зь лікам 1:0.

Адзіны мяч на 4-й хвіліне забіў з пэнальці Лука Модрыч («Тотэнхэм» Лондан).

Аўстрыйцы, якіх яшчэ перад чэмпіянатам называлі гарматным мясам, паказалі характар, і ў другім тайме мелі некалькі момантаў, каб зраўняць лік.

Такім чынам зборныя Нямеччыны і Харватыі набіраюць па тры балы, у палякаў і аўстрыйцаў – 0.

Другі тур у гэтай групе будзе згуляны ў чацьвер, 12 чэрвеня: Харватыя – Нямеччына (19:00). Польшча – Аўстрыя (21:45)

***

У суботу былі згуляныя два матчы ў групе «А».

У паядынку, што адкрываў чэмпіянат, чэхі ў Базэлі перамаглі гаспадароў турніру зборную Швайцарыі – 1:0. Гол на рахунку форварда «Баніка» Вацлава Сверкаша.

У гэтым матчы здарылася й першая трагедыя. Пры канцы першага тайму атрымаў траўму капітан швайцарцаў Аляксандар Фрай. Ён выбыў да канца чэмпіянату.

«Гэта катастрофа», -- сказаў трэнер зборнай Кобі Кун, ахарактарызаваўшы страту свайго харызматычнага лідэра.

ПартугаліяТурцыя – 2:0 (Пэпэ, Мэйрэльеш). Гэта, напэўна, была самая відовішчная і цікавая гульня двох дзён.

Турнірнае становішча: Партугалія, Чэхія – па 3 пункты, Швайцарыя, Турцыя – па 0.

Наступны тур у гэтай групе пройдзе ў сераду, 11 чэрвеня. Чэхія – Партугалія (19:00), Швайцарыя – Турцыя (21:45).

***

А ў панядзелак, 9 чэрвеня, распачнуцца гульні ў групе «С».

А 19-й гадзіне распачнецца матч Румынія – Францыя, а ў 21:45, відаць, гвозд першага туру, супэрматч Галяндыя – Італія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?