З трактарам трэба па-мэханізатарску! Эсэ Лявона Вольскага.

Трактар

Сучасная Беларусь — гэта трактар. Ён прэ па калгасным полі ў пыльных аблоках і выконвае “пастаўленую задачу”. На ягоных баках напісана лацінкай слова BELARUS (што па-нашаму чытаецца БЭЛЯРУС — п’яны рускі?), ён агрэсыўны, мэтанакіраваны й неразумны…

Адна сяброўка патрапіла ў шпіталь. Здарылася гэтак, што зь ёю ў палаце ляжала бабка. І гэтая бабка пасябравала з дзьвюма іншымі хворымі кабетамі сваіх гадоў. Усё жыцьцё гэтых бабак цалкам паглынула палітыка. Увесь час яны абмяркоўвалі мінулыя выбары й сваю перамогу на іх, клялі непакорную моладзь, што не разумее свайго шчасьця. Бо гэта сапраўднае шчасьце — жыць ў іхняй (бабчынай, як і перамога) краіне, дзе (далей — набор штампаў з дзяржаўных тэлеканалаў, якія, дарэчы, бабулькі актыўна глядзелі й ухвалялі).

І ведала ж сяброўка, што ніколі ня трэба лезьці да паджылых людзей са сваімі перакананьнямі. Ня варта. Іх ужо да канца жыцьця ва ўсім пераканалі. Але так яе дасталі гэтыя старэчыя малапісьменныя, затое агрэсіўныя й самаўпэўненыя высновы, што аднаго разу (пасьля крыкаў пра прадажную моладзь) яна выказала ім усё, што думае.

І на халеру? З трох гарматаў яны пачалі бамбардаваць дзяўчыну цяжкімі аргумэнтамі: маўляў, яна — абзамбаваная наркаманка, ні халеры не разумее, што адбываецца ў краіне, ня трэба нам гэта вашая мова, вымятайцеся з нашай рэспублікі, калі не падабаецца, вумныя занадта, едзьце ў сваю Прыбалтыку, вывучыліся яны, глядзі ты, а хто трактарам кіраваць будзе?!

Калі пакрыўджаная сяброўка дайшла ў сваім аповедзе да гэтых бабульчыных словаў, я й зразумеў: цяперашняя Беларусь — гэта трактар. Няўжо ж ты будзеш з трактарам гаварыць пра мову, культуру ці гісторыю?

Зь ім трэба неяк па-іншаму… Па-мэханізатарску, ці што?

Бы

Горад перанасычаны прыватным аўтатранспартам. Шмат машынаў. Едзеш у натоўпе, стаіш на сьвятлафоры, разглядаеш суседзяў…

Паводле правілаў ззаду мусіць быць налеплены значык зь літарамі BY — гэтак нейкія начальнікі скарацілі Беларусь. Не BLR, BEL, BR, ну, можна было нешта адпаведнае прыдумаць. А яны прыдумалі ігрэк. На беларускай лацінцы чытаецца БЫ.

Напраўду, край нязьдзейсьненых мараў, магчымасьцяў… Едуць, мільгаюць — бы, бы, бы… Нам бы, мне бы…

І ў кожнага сваё БЫ.

У кагосьці яно простае — чорнае на белым. Указвае на нэўтральнасьць.

У кагосьці БЫ гэткае піжонскае — срэбнае ці залатое. Дарагое. На азадках дарагіх машынаў.

Сустракаецца “сьвядомае” БЫ — бел-чырвона-белае.

І, зразумела, шмат БЫ чырвона-зялёнага ды яшчэ й з арнамэнтам. Уплішчылася неяк усё гэтае багацьце ў маленькі значык на азадку самаходу. А ў некаторых яшчэ наперадзе побач з кіроўцам прышпілены папяровы сьцяжок гэткае ж расфарбоўкі.

Але гэта яшчэ не радыкалы. Ёсьць у Менску BMW, дык там на рамцы, што трымае нумар, напісана «Наш президент Лукашенко».

ДАІ, напэўна, ніколі надоўга не затрымлівае.

І на гаргарыстых трактарах, якія з рэвам упарта прасоўваюцца сярод спрытных машынаў, таксама ёсьць БЫ. Гэткае ня вельмі ахайнае, трафарэтнае. Навошта яно трактару? Я думаў, што БЫ пазначае транспартны сродак, каб за мяжою можна было зразумець, адкуль, зь якой краіны прыехаў гэты самаход. Легкавікі, аўтобусы — тут усё зразумела. А трактар?

Вось не заўважаў, на трамваях з тралейбусамі ёсьць альбо не?

Пераемнасьць

Адзін сябар распавядаў: бабуля ягоная — таленавіты й адэкватны чалавек — на першых выбарах упадабала цяперашняга прэзыдэнта. І з таго часу на кожных наступных галасавала за яго. А мама гэтага сябра (назавем яе Галінаю), адукаваная й творчая асоба, усё абуралася: як гэта яе культурная й таленавітая маці галасуе за неінтэлігентнага кандыдата.

А бабуля была ўжо старэнькая. Але бадзёрая. Зусім не агрэсіўная, як тыя бабкі з трактару BELARUS. Папросту зрабіла свой выбар. Прагаласавала за чалавека з народу. Нікога не агітавала, не спрачалася. Пайшла й прагаласавала. Культурна. Паважаю.

А Галіна таксама досыць культурная. І як мой сябар заводзіў гутарку пра ўладу, культурна асуджала бабулін выбар.

Шмат часу мінула. Бабулі ўжо няма. І мама пастарэла. Незаўважна ўвайшла ў пэўную “узроставую катэгорыю”. І таксама цяпер галасуе… Яна думае, што за ўласны дабрабыт, за спакой…

А насамрэч — за трактар BELARUS, якога ніколі ня бачыла, хіба на якой выставе, бо ўсё сьвядомае жыцьцё пражыла ў горадзе.

Трактарысты

А вось дзяржаўныя мас-мэдыя. Напрыклад, тэлеканалы. Агрэсіўныя, мэтанакіраваныя, некарэктныя. Гэта ж натуральны трактар! Той самы трактар BELARUS. Ён упарта едзе па краіне, па мазгах гледачоў, так званых шараговых грамадзянаў, якія пасьля работы, прыехаўшы на сваім “пасаце” з чорна-белым БЫ на хвасьце, прылеглі на канапу з бутэлькай піва. Адпачыць. Паглядзець тэлевізар. Леглі адпачыць, а патрапілі пад трактар. Вось праехаў па іх гэты “жалезны конь”, і праз год на азадку “пасаціка” ужо красуе чырвона-зялёнае БЫ.

Самы час здымаць фільм “Трактарысты”.

Яны сьпяваюць, скачуць, даюць інтэрвію, усьміхаюцца — шматлікая брыгада эстрадных трактарыстаў. На чарговым урачыстым канцэрце (гэтым разам ён прысьвячаўся сьветламу сьвяту вялікага кастрычніка) яны адпаведна й выглядалі — у будзёнаўках, у цяльняшках, папахах… Трактарысты!

Вось адна трактарыстка, удзельніца агітацыйных канцэртаў, кажа незалежнаму журналісту пра мітынгоўцаў: “Каб так дзейнічаць, як яны, трэба быць невукам, ня мець аніякай інфармацыі пра сваю краіну, не разьбірацца ў працэсах, якія адбываюцца”.

А я ведаю гэтую жанчыну. Быў знаёмы зь ёй. Ну, сьпяваеш ты, дый сьпявай сабе! Ніхто ж цябе ня цягне за язык, не прымушае “кампэтэнтна” выказвацца пра сытуацыю. А вось выказалася, і стала зразумела, што менавіта трактарысты ўсебакова адукаваныя, маюць мора інфармацыі пра сваю краіну і разьбіраюцца ў працэсах. Не гнілая ж інтэлігенцыя — паэты зь пісьменьнікамі, філёзафы, усякія, незалежныя музыкі і студэнты-бунтары. Таму іх і не паказваюць па тэлеканалах. А разумную вышэйпамянёную сьпявачку-трактарыстку паказваюць.

Лявон Вольскі — рок-музыка, літаратар, мастак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0