Беларускія ўлады спадзяюцца «на баланс пазітыву і негатыву» ў справаздачах заходніх назіральнікаў паводле вынікаў парламенцкіх выбараў. Гэта вынікае з выказванняў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, які 5 верасня пракаментаваў журналістам у Мінску папярэднюю справаздачу місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.

Паводле слоў міністра, ён меў магчымасць азнаёміцца з дакладам за дзень да публікацыі. «Мы лічым, што і заключны даклад, у якім, напэўна, будзе і нейкая крытыка, акрамя крытыкі павінен утрымліваць і канстатацыю пазітыўных момантаў, якія маюць месца ў Беларусі ў кантэксце падрыхтоўкі і правядзення парламенцкіх выбараў. Вось гэты баланс пазітыву і негатыву, толькі аб'ектыўная ацэнка рэальнай сітуацыі, дае асновы для таго, каб мы і далей пашыралі пазітыўную атмасферу ў адносінах з нашымі еўрапейскімі партнёрамі», — заявіў Макей.

На яго думку, ацэнка «голых лічбаў і фактаў» міжнароднымі назіральнікамі не з'яўляецца асноўнай у працэсе назірання. «Трэба глядзець на развіццё сітуацыі ў тэндэнцыі, — сказаў міністр. — Толькі такі падыход дасць аб'ектыўную ацэнку парламенцкім выбарам. Улады Беларусі нацэленыя на тое, каб выбары прайшлі дэмакратычна і транспарэнтна».

Макей паведаміў, што даносіў гэтую пазіцыю да заходніх партнёраў падчас сваіх нядаўніх візітаў у Германію і Славакію.

На думку міністра, павышаная цікавасць міжнародных назіральнікаў да беларускіх выбараў звязаная з тым, што Беларусь апошнім часам усё часцей гучыць на міжнароднай арэне ў тым ліку ў сувязі з яе роляй ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу і тым, што Беларусь «не з'яўляецца крыніцай нейкай канфліктагеннасці ў рэгіёне і свеце».

«Я абсалютна не прымаю заявы некаторых дзеячаў, якія просяцца ў Беларусь, наведваюць Беларусь і першапачаткова, яшчэ да даты правядзення выбараў, ужо кажуць, што тут няма ніякай дэмакратыі і вынікі выбараў будуць непрымальныя. Як раз такія заявы і выклікаюць падазрэнні ў тым, што такога роду дзеячы прыязджаюць з гатовымі штампамі і ўстаноўкамі», — сказаў міністр замежных спраў.

Нагадаем, прамежкавая справаздача назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ была апублікаваная 31 жніўня. У ёй, у прыватнасці, адзначаецца, што большасць рэкамендацый БДІПЧ паводле вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2015 года ўладамі не выкананыя.

Цэнтрвыбаркам прыняў пастановы, выпрацаваныя на аснове некаторых рэкамендацый БДІПЧ, і ўнёс шэраг новаўвядзенняў — у прыватнасці прадпісаў публікаваць у інтэрнэце інфармацыю аб пасяджэннях выбаркамаў і крыху пашырыў правы назіральнікаў. Аднак цэлы шэраг рэкамендацый БДІПЧ так і не атрымалі адлюстравання ў заканадаўстве, гаворыцца ў справаздачы.

Адзначаецца таксама, што толькі «нязначная частка асоб, вылучаных апазіцыйнымі арганізацыямі, сталі членамі выбарчых камісій», у той час як «кіраўнікі ці супрацоўнікі мясцовых органаў улады часта з'яўляюцца членамі акруговых выбаркамаў, у тым ліку займаюць пазіцыі кіраўнікоў».

Некаторым беларускім назіральнікам, гаворыцца ў справаздачы, «не было дазволена назіраць за працэсам рэгістрацыі кандыдатаў, уключаючы праверку сапраўднасці подпісаў і дэкларацый аб маёмасці і прыбытках». Акрамя таго, «акруговыя выбаркамы не далі магчымасць вылучаным кандыдатам для выпраўлення недакладнасцяў ў дакументах, у тым ліку ў фінансавых дэкларацыях, як гэта прадугледжана законам».

Назіральнікі БДІПЧ таксама звярнулі ўвагу, што з больш як 400 скаргаў і зваротаў, якія пераважна тычыліся працэсу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, фарміравання і дзейнасці выбаркамаў, большасць былі адхіленыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?