У сталічным СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага памёр былы дырэктар «Уздзенскага аграсэрвісу» Аляксандр Біч. Гэта адбылося яшчэ 8 жніўня. У лісце са следчага ізалятара, які атрымала маці загінулага, напісалі, што «смерць наступіла ад натуральных прычын». «Але ж ён ніколі не скардзіўся на здароўе», — кажуць сваякі і сябры загінулага.

Аляксандр Біч (злева) і Павел Валюкевіч, які даваў хабар, фота: belapan.com

Аляксандр Біч (злева) і Павел Валюкевіч, які даваў хабар, фота: belapan.com

Экс-кіраўнік ААТ «Уздзенскі райаграсэрвіс» Аляксанlр Біч праходзіў па адной справе з былым старшынёй мясцовага выканкама Вячаславам Пахольчыкам. Яшчэ ў сакавіку за атрыманне хабару іх прысудзілі да шасці і сямі гадоў пазбаўлення волі адпаведна. Згодна з матэрыяламі справы, яны купілі камбайн для ўборкі буракоў у «патрэбнага» пастаўшчыка.

Аляксандр Біч адбываў пакаранне ў бабруйскай калоніі. Але ў канцы чэрвеня яго прывезлі ў СІЗА на Валадарскага. Следчы камітэт дапытваў яго па іншай крымінальнай справе — перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў. Яна тычылася законнасці правядзення тэндару на куплю таго самага камбайна.

— Следчыя дзеянні праводзіла УСК па Мінскай вобласці. Яны былі скончаны ў ліпені і перададзеныя пракурору для накіравання справы ў суд, — распавяла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова.

Маці Аляксандра кажа, што адразу пасля допытаў Аляксандра Біча павінны былі зноў адправіць у Бабруйск. Але яшчэ некалькі тыдняў яго трымалі ў мінскім СІЗА. Апошні ліст ад сына яна атрымала за чатыры дні да смерці.

— Ён мне напісаў, што здаровы. Да гэтага я была ў яго на спатканні 15 ліпеня. І ўсё ў яго было добра. Збіраўся пісаць прашэнне аб памілаванні, — кажа Галіна Казіміраўна.

Але 8 жніўня маці Аляксандра Біча патэлефанавалі са следчага ізалятара. Сказалі, што яе сыну стала блага ў камеры. На насілках яго аднеслі ў медпункт, а потым хуткая даставіла 30-гадовага мужчыну ў рэанімацыю. Але ў 13.47 ён памёр.

— Хоць у афіцыйных дакументах, якія мне прыйшлі, гаворыцца, што смерць наступіла ў 9.45 яшчэ ў СІЗА. Гэта адна нестыкоўка, - распавядае жанчына. - А яшчэ судмедэксперт сказала, што такога вялага сэрца, як у майго сына, у 30-гадовых яшчэ ніколі не бачыла. Але ён жа ні на што не скардзіўся.

Цяпер праходзіць судова-медыцынская экспертыза, якая вызначыць прычыну смерці.

- Следчая група выбывала на месца смерці. Паводле папярэдняй інфармацыі, ні прыкмет гвалтоўнай смерці, ні суіцыду не выяўлена. Разглядаецца версія смерці ад захворвання. Але пакуль мы не атрымаем вынікі судова-медыцынскай экспертызы, казаць аб прычынах рана, — патлумачыла афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?