Вялікая панда больш не знаходзіцца пад пагрозай знікнення, а папуляцыя пандаў расце.

Getty

Міжнародны саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (ICUN) змяніў статус панды ў Чырвонай кнізе з «які знаходзіцца пад пагрозай» на «які знаходзіцца ва ўразлівым становішчы».

Прычынай змены статусу стаў рост папуляцыі пандаў у Кітаі.

У краіне вялікія панды лічацца нацыянальным сімвалам. Улады Кітая змагаюцца за тое, каб захаваць іх.

У выніку апошнія дадзеныя кажуць пра тое, што папуляцыя дарослых пандаў налічвае 1 864 жывёл. Дакладных дадзеных па колькасці дзіцянят пандаў няма, але іх колькасць ацэньваецца ў 2 060.

У дакладзе ICUN гаворыцца, што скарачэнне колькасці жывёл было прыпыненае, а папуляцыя пачала расці. У арганізацыі адзначылі, што высілкі ўладаў Кітая па захаванні пандаў аказаліся эфектыўнымі.

Тым не менш, гэтыя паляпшэнні могуць аказацца кароткатэрміновымі, папярэджваюць эколагі. З-за глабальнага пацяплення ў бліжэйшыя 80 гадоў будзе знішчана больш за траціну бамбукавых зараснікаў, дзе жывуць панды. Паводле прагнозаў, гэта прывядзе да скарачэння папуляцыі пандаў, а таксама звядзе на нішто ўсе высілкі ўладаў Кітая па захаванні віду. Каб захаваць пандаў, трэба прымяняць меры па абароне лясоў, раяць эколагі.

Адначасова з выключэннем вялікай панды са спісу жывёл, якія аказаліся на мяжы знікнення, у яго трапіла ўсходняя гарыла — гэта найбуйнейшы ў свеце прымат. Усяго ў свеце засталося каля 5 тысяч асобін усходняй гарылы. Асноўнай прычынай знікнення стала нелегальнае паляванне.

Пад пагрозай знікнення сёлета таксама аказаліся шымпанзэ і карлікавыя шымпанзэ баноба.

Чырвоная кніга ўключае 82 954 віды жывёл і раслін. Амаль трэць з іх — 23 928 — знаходзіцца на мяжы знікнення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?