Улада2424

Бізнэсовец Васіль Астроўскі ўступіў у БНФ і ідзе на выбары: Я доўга цярпеў, але прыйшоў час быць самім сабой

62-гадовы бізнэсмен Васіль Астроўскі вылучаецца кандыдатам ад Партыі БНФ на парламенцкіх выбарах па 103-й Дамброўскай выбарчай акрузе, гэта на захадзе сталіцы.

Астроўскі ідзе як прадстаўнік Партыі БНФ.

Астроўскі вядомы ў бізнэсе чалавек. Ён узначальвае Раду па развіцці прадпрымальніцтва пры Мінгарвыканкаме, а таксама ўваходзіць у Рэспубліканскую раду прадпрымальнікаў. Пра шлях у палітыку і пра бізнэс мы пагаварылі з кандыдатам у дэпутаты. Размова праходзіла выключна па-беларуску.

Васіль Астроўскі: Мы робім пікеты ля «Алмі» на Каменнай Горцы, расстаўляем апаратуру, сцягі, улёткі. Пачынаецца ўсё з таго, што пачынаюць спяваць мае дзеці — дочкі 6 і 9 гадоў. І столькі людзей збіраецца! А яшчэ два студэнты з маёй каманды — Лёша і Валера — робяць анімацыю. Падыходзяць бацькі з дзецьмі. Кажуць, што такога не чакалі, бо звычайна на пікетах стаяць людзі з перакошанымі тварамі і за нешта агітуюць. А ў вас нібыта агітацыі і няма, але яна лепшая за любую іншую. Такая душэўная атмасфера, мне пасля такіх сустрэч яшчэ больш хочацца працаваць. Мой старэйшы сын, якому 19 гадоў, спявае песні «Ляпіса Трубяцкога», Цоя, свае ўласныя. А сканчваецца ўсё спевамі барда Анатоля Кудласевіча. І мне так прыемна.

«Наша Ніва»: У вас жа пяцёра дзяцей?

ВА: Так, пяцёра. Старэйшая дачка ўжо траіх сваіх мае. Памятаю, як мая жонка прыходзіць у гневе да мяне і кажа: «Ну што? Што будзем рабіць? Дагуляўся» — намякаючы на цяжарнасць. Я кажу: «Вольга, я не ведаю, што мы будзем рабіць, але я ведаю, чаго мы не будзем рабіць — мы не будзем грашыць». Калі ў нашым узросце Бог дае дзіця, то гэта шчасце. Я адзін з самых шчаслівых людзей на свеце, бо дзеці — гэта такая радасць. Кожны дзень, калі я прыходжу дадому, то дочкі ляцяць насустрач з крыкамі «Тата!». На сэрцы адразу такое шчасце.

«НН»: Вы чалавек новы ў палітыцы, раскажыце пра сябе.

ВА: І новы, і не новы. Я нарадзіўся ў Валожыне, ганаруся сваімі каранямі. Жыў у бабулі на хутары Юганова, цяпер ужо назвы такой нават няма. Маці ў мяне з такой кулацкай сям’і з Смаргонскага раёна. Бацька з Валожына. Гэта ж вядомы род у Беларусі — Астроўскі, Астрожскі, Астрагоскія…

«НН»: На каго вучыліся?

ВА: Па першай адукацыі я музыкант. Вучыўся ў Інстытуце культуры. Быў дастаткова перспектыўным хлопцам. У войску служыў у ансамблі песні і танца ў Вільні. Калі вярнуўся з арміі, то працаваў у Доме народнай творчасці з вядомымі кампазітарамі, такімі як Ігар Лучанок. Думаў, што ўсё жыццё маё будзе звязанае з музыкай і мастацтвам.

Аднак неяк пасварыўся з цешчай, у той час мы з жонкай жылі ў яе, я псіхануў і з’ехаў на радзіму ў Валожын. Хацеў там выкладаць у музычнай школе, але мне прапанавалі пайсці працаваць у райкам камсамола. Спыталі толькі, ці змагу я зрабіць дыскатэку. Кажу, канечне, магу.

Зрабіўся там загадчыкам аддзела. Пасля ж было зусім нечакана, як пярун ударыў, мяне запрасілі працаваць у аддзел культуры ЦК камсамола Беларусі. Гэта быў 1983 год. Дарэчы, у гэты час там працаваў цяперашні дырэктар Мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў. Першай маёй працай быў савецка-кубінскі фестываль моладзі. Мяне здзівіла, што гэта братэрская краіна наша нібыта, а столькі спецслужб загналі.

У 1985 годзе я трапіў у падрыхтоўчы камітэт 12-га злёту моладзі і студэнтаў. І што скажу? Вочы ў мяне расплюшчыліся менавіта тады, шмат кантактаваў з іншымі дэлегацыямі, у тым ліку амерыканцамі. Я там працаваў па 17—20 гадзін у суткі, спаў у машыне.

Пасля вяртання ў Беларусь я пазнаёміўся з такімі людзьмі, як Алесь Суша, Вінцук Вячорка, ужо нябожчык Сяржук Вітушка. Я ствараў Рэспубліканскі маладзёжны цэнтр, але марай маёй было адысці ад камсамола, каб ён быў незалежнай пляцоўкай. Мы ладзілі першыя фестывалі рок-музыкі, нейкія гумарыны. Заўсёды «Талака» ўдзельнічала, самыя актыўныя былі. Па 300—500 чалавек моладзі прыходзіла. А потым пачалі рыхтаваць расправу са мной.

«НН»: Што за расправа?

ВА: Хацелі зняць з партыі, камсамола, выкінуць з працы. Я памятаю, што мы адкрылі неафіцыйную выставу маладых мастакоў — Ксяндзоў, Янушкевіч, Тоўсцік, Альшэўскі, Селяшчук, Славук, Савіч. Сем мастакоў — сем зорак. Мы адкрылі выставу без санкцый і ўжо былі гатовыя, што нас «расстраляюць», але прыйшоў нехта з партыйцаў і сказаў: «Жывапіс Беларусі ў надзейных руках». Тым не менш многім не падабалася, што такі малады хлопец, як я, становіцца нефармальным лідарам. Я адчуваў, што хмары над мной збіраюцца. Быў выпадак, калі ў Траецкім прадмесці пабілі дзяцей, хацелі спісаць на мяне, але не паглядзелі, што ў гэты час я быў у камандзіроўцы ў Касцюковічах.

Пісалі тады пра мяне і беларускія, і з іншых савецкіх рэспублік газеты. У «Мінскай праўдзе» было напісана: «Не пабаімся высокіх словаў, але менавіта такія хлопцы, як Васіль Астроўскі, з’яўляюцца людзьмі перабудовы, якія з цяжкасцю прабіваюць сабе дарогу ў будучыню».

«НН»: А да БНФ не было жаданне далучыцца яшчэ напрыканцы 1980-х?

ВА: Я памятаю, як сядзелі ў малой зале к/з «Мінск». Сабраліся там актывісты, партыйцы, размоваў было — падтрымліваем, не падтрымліваем. А я ўстаю і кажу, што падтрымліваю ідэю БНФ. Я спадзяваўся, што нейкім чынам мне ўдасца паехаць на першы з’езд БНФ у Вільню, але ў той час мне прапанавалі іншую працу. Я пайшоў працаваць у Інстытут Дзяржэканамплана. Гэта навуковыя даследаванні, планы, прагнозы. Там я выконваў абавязкі загадчыка аддзела. Працаваў-працаваў — як мне прапанавалі нарвежцы паехаць за іх кошт туды вучыцца.

«НН»: І што, пагадзіліся?

ВА: Нечакана было, але паехаў. Я там прабыў дзесьці два гады. Паехаў яшчэ з СССР, вярнуўся, а яго ўжо няма. Мне было вельмі цікава, бо я паглядзеў, як можна жыць, мы такога ўзроўню яшчэ і блізка не дасягнулі. Нам паказвалі, як жывуць людзі, знаёмілі з рэкламай, сацыяльнай тэмай, адукацыяй. Адна знаёмая пытаецца, ці ёсць розніца ў нашай і іхняй сістэме адукацыі. Кажу: канечне ж, ёсць. Там могуць нават з дурня зрабіць разумнага чалавека, а ў нас з разумнага могуць зрабіць дурня.

«НН»: Пасля вы пайшлі ў бізнэс?

ВА: Так. Адкрыў прадпрыемства «Асткам». Пайшло новае жыццё. Энтузіязму было — поўныя штаны. Усім хацелася нешта рабіць, чаго цяпер нам не хапае. У мяне быў буцік, былі магазіны, займаліся гандлем гародніны, садавіны. Нават свой гатэльчык амаль што выкупілі, але якраз тады наступіў 1994 год. У мяне па Беларусі былі адкрытыя фірмы ў Гомелі, Жлобіне, Маладзечне, Нясвіжы, Валожыне. Агулам каля 20 фірм. Ад 1996 да 1999 я толькі і займаўся тым, што іх закрываў. Дастаткова шмат людзей працавала. Засталіся ў мяне толькі агентцтва па нерухомасці і турыстычная кампанія.

«НН»: Чаму не атрымалася раскруціць бізнэс?

ВА: Памяшканні, якія я здымаў, вельмі ўжо падабаліся людзям, што прыйшлі да ўлады. Помню такога Івана Іванавіча Ціцянкова ды іншых. Яны прыходзілі ў вайсковай амуніцыі. Я кажу, што ў мяне дамова арэнды яшчэ да пэўнага года, а мне адказваюць, што дамову гэтую я магу засунуць куды хачу, але праз месяц — з’язджай. Адным з такіх месцаў было цяперашняе казіно «Міленіум» насупраць Палаца спорту. Ну, што зробіш…

«НН»: З Чыжом у 90-я не сутыкаліся?

ВА: У 90-я ніколі. Упершыню сутыкнуўся, калі стаў сябром Рады па развіцці прадпрымальніцтва. Шакуціна я ведаю даўней, ён таксама працаваў у камсамоле. У радзе ёсць людзі, якіх я вельмі паважаю — гэта Швец, Мартынаў з «Марка», «Савушкаў прадукт», Бойка. Але ў нас няма сяброўскіх адносін. Мы рэдка адзін аднаго бачым, дыстанцыя паміж намі застаецца.

Я не ведаю, якім чынам я трапіў у гэтую раду. Там узровень бізнэсоўцаў вельмі высокі, я ўсё ж прасцейшы. Калі ў мяне пытаюцца, то кажу, што яны паглядзелі-паглядзелі ды кажуць, што гэта за рада такая без Васіля. Гэта жарт такі, але я, сапраўды, не ведаю.

«НН»: Вы маеце медаль Беларускай праваслаўнай царквы. За што?

ВА: Я неяк прыехаў у Гомельскі раён, у мястэчка Гадзічава. Выдатны храм, але быў даведзены да ручкі. Там некалі жыла бабуля маёй жонкі. Я зайшоў у храм, пастаяў, паглядзеў. Пасля трошкі дапамагаў царкве. Я хрысціянін, але з павагай стаўлюся да людзей іншых канфесій.

«НН»: Калі вы ўрэшце ўступілі ў БНФ?

ВА: Сёлета. Ведаеце, я доўга разважаў. У мяне ёсць бізнэс, малыя дзеці. Чакаў, калі сын скончыць каледж. Цяпер ён ужо паступіў на палітолага-юрыста ў БДЭУ. Я трошкі баяўся. Не магу сказаць, што і цяпер я такі рашучы, смелы, але прыспеў час быць самім сабой.

На жаль, нашы чыноўнікі не разумеець, што нічога добрага быць не можа, калі разам будуць збірацца толькі аднадумцы. Нейкі плюралізм павінен існаваць.

«НН»: Чаму вы ідзяце на выбары?

ВА: Я доўга цярпеў, і мне так усё абрыдла. Мы з 1999-га вялі дыялог, казалі, што ў нас нейкае прыватна-дзяржаўнае партнёрства. Ды ніколі яго не было і няма! Ты кажы, але цябе ніхто не чуе. Было шмат прапаноў, але ж на іх не звяртаюць увагу.

Я кажу, што прадпрымальнікам нельга замінаць. Яны павінны адчуваць нейкую свабоду. Нас рэгламентуюць чым толькі можна. Палякі чаму так падняліся? Бо ўлада не перашкаджала працаваць іх бізнэсу. У Польшчы людзі гараць, яны ўсе з агеньчыкам.

«НН»: Ну я бачу, што вы таксама гарыце.

ВА: Гару, ну. Але тут увесь час паліваюць халоднай вадой. З 1999 года я ўсё больш і больш маўчаў. Але людзі ўключаюць тэлевізар з адчуваннем: ну што яшчэ кепскага нам зробяць? Ужо жартуюць: давайце ўвядзём падаткі на выхад з кватэры, а на ўваход — двайны.

Думаюць, як толькі абабраць чалавека, але не думаюць, як даць зарабіць. Ды не чапайце вы чалавека год-два-тры. Вы думаеце, я іду на выбары, бо мне грошы трэба? Мне нічога не трэба. У мяне турыстычна-транспартнае прадпрыемства, дык я сам магу быць кіроўцам. У мяне няма ніякай кароны, але рукі-ногі апускаюцца, бо працаваць не даюць.

Я лічу, што сёння рэальна зрабіць, каб заробак у настаўнікаў і дактароў былі па 600—800 даляраў. У нас выдатная сістэма, што існуюць дзіцячыя садочкі, але іх трэба развіваць, а каб развіваць, то людзям патрэбна плаціць.

Як падняць эканоміку? Мінімізаваць падаткі найперш. Усё павінна залежыць ад аб’ёмаў. А яшчэ, каб у людзей з’явіўся энтузіязм, то патрэбна прыняць закон №1 аб прыватнай маёмасці. І нават зямля павінна быць у прыватнай уласнасці. Ну, хай чыгунка застаецца дзяржаўнай, «Беларуськалій», але нават трактарны мусіць быць у руках прыватніка. Не справы дзяржавы займацца бізнэсам.

Па-трэцяе, патрэбна на 70% скарачаць сілавікоў і чыноўнікаў. Калі ўсё гэта выканаць, то будуць грошы і на садкі, і на настаўнікаў, і лекары не будуць з’язджаць. Можна будзе жыць.

Мне вельмі не падабаецца, калі кажуць, што ў Расіі так, у ЗША так, у Польшчы так. Давайце рабіць так, каб з нас бралі прыклад.

А яшчэ ведаеце з нашай канфіскацыяй, выразаюць пад корань усё. Гэта няправільна. У нас у турмах колькі сядзіць людзей за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць». І так у кожнай краіне людзей, што здольныя весці бізнэс, толькі 5—7%, а вы рэжаце курэй, якія здольныя несці залатыя яйкі.

«НН»: Вы верыце ў перамогу?

ВА: З мяне смяююцца многія, але я веру. Я заўсёды веру. Без веры я не магу. Жыццё на гэтым не сканчаецца, у мяне ёсць ідэі, што рабіць пасля. Я разумею, што могуць узнікнуць праблемы. Перш чым зрабіць гэты крок я вельмі доўга думаў. Мне хочацца спадзявацца, што ў людзей, якія стварылі гэтую сістэму, таксама нешта мяняецца ў галовах і яны разумеюць, што так далей жыць нельга. Мы ж у такім балоце сядзім. Як казаў Леў Сапега: «Дзяржавай павінен кіраваць закон, а не асоба». Ніхто нічога разумнейшага не сказаў. Калі мы да гэтага не прыйдзем, то будзем заўсёды жыць як на вулкане.

Каментары24

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе21

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна3

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →