Камітэт дзяржаўнага кантролю не атрымлівае ад банкаў інфармацыі аб укладах фізічных асоб і іх плацяжах па картках. Пра гэта гаворыцца ў каментарыі КДК да апублікаванай у канцы жніўня пастановы, якой унесены змены ў інструкцыю аб парадку прадстаўлення ў дэпартамент фінансавага маніторынгу КДК Нацбанкам і банкамі Беларусі інфармацыі аб безнаяўных плацяжах у беларускіх рублях і замежнай валюце.

«Камітэт дзяржаўнага кантролю адзначае, што прадугледжаныя пастановай змены не звязаныя з атрыманнем дадатковай інфармацыі па плацяжах, што ажыццяўляюцца фізічнымі асобамі. Так, дэпартамент фінансавага маніторынгу не атрымлівае ад банкаўскай сістэмы інфармацыі аб аперацыях па рахунках (укладах, дэпазітах) фізічных асоб, безнаяўных разліках за тавары (паслугі) з выкарыстаннем банкаўскіх пластыкавых картак у беларускіх рублях, крэдытах, у тым ліку на спажывецкія патрэбы», — падкрэсліваецца ў каментарыі.

Адзначаецца, што ў адпаведнасці з гэтай пастановай значэнні парогавых сум плацяжоў прыведзены з улікам дэнамінацыі, праведзенай 1 ліпеня 2016 года. Пры гэтым памер парогавых сум плацяжоў, звесткі па якіх падаюцца ў дэпартамент фінансавага маніторынгу, зменены толькі ў дачыненні да Нацыянальнага банка (паніжаны з 500 да 300 рублёў) і цяпер адпавядае значэнням парогавых сум плацяжоў, звесткі па якіх падаюцца іншымі банкамі.

«Памер парогавай сумы, пры перавышэнні якой звесткі падаюцца ў дэпартамент фінансавага маніторынгу, для іншых банкаў застаўся ранейшым», — указвае КДК.

Разам з тым пашыраны пералік суб'ектаў, якія павінны перадаваць інфармацыю аб такіх плацяжах: цяпер гэта таксама абавязаны рабіць Банк развіцця і нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі.

«Атрыманы масіў інфармацыі галоўным чынам аналізуецца на прадмет ажыццяўлення фінансавых аперацый арганізацыямі і фізічнымі асобамі, датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасці, а таксама гэта інфармацыя выкарыстоўваецца з мэтай выяўлення арганізацый і асоб, якія маюць дачыненне да атрымання або легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам», — падкрэсліваецца ў каментарыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?