Ілюстрацыя russiansanfran.com

Цана на расійскі газ для Беларусі ў 2009 годзе можа скласці 200 долараў за тысячу кубаметраў.

Пра гэта на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 9 чэрвеня паведаміў пасол Расійскай Федэрацыі Аляксандр Сурыкаў.

«Гэта будзе, хутчэй за ўсё, або блізка да 200 або крыху больш за 200, мяркуючы па тым, як складваецца сітуацыя», — сказаў расійскі дыпламат.

Ён падкрэсліў, што беларускі «бок хацеў бы перагледзець кантракт».

«Не выключаю, што такія размовы пачнуцца, — сказаў А.Сурыкаў. — Зразумела жаданне Беларусі атрымліваць газ танней. Я чуў, што ў бюджэце на 2009 год закладзены кошт газу ў 140 долараў. Планаваць — гэта воля любой дзяржавы».

А.Сурыкаў падкрэсліў, што ў кантракце паміж «Газпромам» і «Белтрансгазам», падпісаным у канцы 2006 года, «дакладна вызначаны парадак цэнаўтварэння і формула цаны на газ» для Беларусі да 2011 года.

«У Беларусі не будзе заходнееўрапейскай цаны на газ, але яго кошт можа быць дастатковы высокім. Да 2011 года газ можа каштаваць 400 долараў і больш», — сказаў А.Сурыкаў.

У першым квартале 2008 года Беларусь плаціла за тысячу кубоў 119 долараў. 1 красавіка цана зноў павысілася да 128 долараў. Як заявіў журналістам 25 красавіка віцэ‑прэм’ер Андрэй Кабякоў, Беларусь разлічвае, што цана на газ у 2009 годзе складзе 140 долараў за тысячу кубаметраў.

Паводле яго слоў, бюджэт краіны на 2009 год фармуецца зыходзячы менавіта з гэтай цаны. «Першапачаткова гэта цана ўзгоднена дагаворам, падпісаным в 2006 годзе. Зыходзячы з гэтых дамоўленасцей мы вядзем перамовы з Расіяй па цане на газ у 2009 годзе», — сказаў А.Кабякоў.

БелаПАН

Глядзі яшчэ:
3 1 студзеня цана на газ для Ўкраіны будзе павышана ўдвая

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0