Больш за $2 млрд асвоена на будаўніцтве Беларускай АЭС, заявіў журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў.

«Асноўны аб'ём асваення фінансавых сродкаў будзе прыпадаць на 2017 і 2018 гады, калі будзе ажыццяўляцца мантаж абсталявання», — адзначыў кіраўнік КДК. Паводле яго слоў, цяпер на аб'екце занята больш за 5 тыс. чалавек, у тым ліку 1,4 тыс. - з Расійскай Федэрацыі, астатнія — з беларускіх падрадных і субпадрадных арганізацый.

Цяпер на ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў Беларускай АЭС задзейнічана 30 субпадрадных арганізацый, у тым ліку 22 беларускія. Пры гэтым каля 80 працэнтаў аб'ёму будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенні аб'ектаў станцыі і яе інфраструктуры выконваецца сіламі беларускіх падрадных арганізацый. З пачатку будаўніцтва БелАЭС пастаўлена абсталявання на суму больш за $207 млн. Пастаўкі асноўнага аб'ёму абсталявання будуць ажыццёўлены ў бягучым і 2017 гадах.

Сёння адбылося сумеснае пасяджэнне калегій Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі пад старшынствам кіраўнікоў ведамстваў Леаніда Анфімава і Таццяны Голікавай (у рэжыме відэаканферэнцыі). На пасяджэнні разгледжаны вынікі кантрольнага мерапрыемства, праведзенага вышэйшымі органамі фінансавага кантролю дзвюх краін, па пытанні аб выкананні абавязацельстваў бакоў па пагадненні паміж урадамі Расіі і Беларусі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Беларусі атамнай электрастанцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?