Што і казаць, «Газпром» меў нагоду для сьвяткаваньня. Старшыня яго Рады дырэктараў Дзьмітры Мядзьведзеў высока ўзьняўся на палітычнай хвалі: Пуцін прызначыў яго пераемнікам. «Газпром» не пашкадаваў шалёных грошай на ганарар «Дып Пёрпл» і Ціне Цёрнэр, улюбёным музыкам Мядзьведзева, але гэта выглядае драбязой на фоне магчымасьцяў, якія абяцае кампаніі занятая яе чалавекам найвышэйшая пасада ў Крамлі.
Трыюмф Мядзьведзева пацьвярджае, што ў сучаснай Расеі лінія, якая падзяляе вялікі бізнэс і вялікую палітыку, настолькі тонкая, што на яе можна і не зважаць.
«Газпром» заўсёды меў цесныя сувязі з урадам, але ў апошні час дзьверы‑круцёлка між імі не спыняюцца ні на хвіліну: Мядзьведзеў займае месца прэзыдэнта Пуціна; Пуцін атрымлівае пасаду прэм’ера, замяняючы Віктара Зубкова, а гэты, відаць, сядзе ў крэсла старшыні Рады дырэктараў «Газпрому», якое Мядзьведзеў вызваліць у чэрвені.
Як ніколі ўплывовы
Цяжка недаацаніць ролю «Газпрому» ў расейскай эканоміцы. Гэтая гіганцкая карпарацыя, якая летась зарабіла 91 млрд даляраў, дае працу 432 тыс. чалавек, плаціць падаткі, роўныя 20% расейскага бюджэту, і валодае даччынымі фірмамі ў такіх далёкіх ад газаздабычы галінах, як сельская гаспадарка і авіяцыя.
Яна зьяўляецца галоўным пастаўшчыком прыроднага газу ў Эўропе, робіцца ўсё важнейшай крыніцай энэрганосьбітаў для Кітаю і Паўднёвай Карэі. Калі ўзяць пад увагу адначасова газа‑ і нафтаздабычу, дык «Газпром» штодзённа дае больш энэрганосьбітаў, чым Саудаўская Арабія.
Дзякуючы рэкордна высокім цэнам на нафту, «Газпром» сёньня як ніколі ўплывовы — і ў Расеі, і за мяжой. Прадстаўнікі «Газпрому» сьцьвярджаюць, што ў 2014 г. іх канцэрн перасягне «Эксон Мабайл» і стане найбуйнейшай у сьвеце зарэгістраванай на біржы кампаніяй. Такая мэта ставілася Мядзьведзевым яшчэ да заступленьня на пасаду прэзыдэнта.
Замест боегаловак
Эканамічная магутнасьць «Газпрому» выкарыстоўваецца ў палітычных баталіях унутры Расеі, для ўзмацненьня ўплыву ў былых савецкіх рэспубліках, а таксама ў якасьці эфэктыўнага рычага ва ўзаемінах з краінамі Заходняй Эўропы — разам з тым як тыя трапляюць ва ўсё большую залежнасьць ад расейскага газу, а расейскія актывы выкупляюцца ў заходніх карпарацый.
Цяпер, калі Расея імкнецца аднавіць сваё геапалітычнае становішча і ўплыў, страчаныя ў постсавецкую эпоху, яна выкарыстоўвае для гэтага ня ядзерныя боегалоўкі, а велізарныя энэргетычныя запасы.
Суайчыньнікі нас не хвалююць
Сувязі «Газпрому» з урадам пачынаюць прыносіць выгаду на ўнутраным рынку. Дзякуючы палітыцы, якую актыўна праводзіў Мядзьведзеў на пасадзе намесьніка прэм’ер‑міністра, цэны на прыродны газ для расейскіх спажыўцоў маюць расьці на 25% штогод, каб да 2011 г. дасягнуць сусьветнага ўзроўню. Урад схільны палегчыць жыцьцё «Газпрому» — незалежна ад сацыяльных вынікаў гэтых рэформаў.
Тут кіруе Крэмль
У 1990‑я «Газпром» быў архетыпам нерэфармаванага дзяржаўнага прадпрыемства савецкага ўзору. Сучасныя расейскія лідэры лічаць яго ўзорам новай гаспадарчай палітыкі. Яе сутнасьць у тым, каб у глябалізаваным сьвеце стратэгічныя расейскія кампаніі заставаліся пад кантролем ураду і адначасова былі адкрытыя для капіталаў і кіраўнічага таленту інвэстараў з Захаду. Гэта вяртаньне да савецкай эканамічнай мадэлі, дзе галоўны акцэнт робіцца на велічыню фірмаў і эканамічных праектаў, і вялікая роля надаецца манапольнаму цэнаўтварэньню.
За часамі Пуціна нафтаздабыўныя кампаніі вярнуліся пад кантроль Крамлю, зьявілася некалькі дзясяткаў біржавых карпарацый, якія таксама знаходзяцца пад кантролем дзяржавы, у галінах энэргетыкі, цяжкай прамысловасьці, авіяцыі, аўтамабілебудаваньня.
Нягледзячы на сваё багацьце, «Газпром» усё ж мусіць зважаць на выклікі «эры Мядзьве¬дзева». У 1990‑я «Газпром», як і іншыя расейскія фірмы, амаль не ўкладаў сродкаў у пад¬трыманьне і разьвіцьцё сваёй інфраструктуры. Але здабыча на нафтагазавых радовішчах, эксплюатацыя якіх была пачатая ў 1970‑я, падае.
Каб пакрыць і эўрапейскія, і ўнутрырасейскія патрэбы ў газе, «Газпрому» давядзецца ў найбліжэйшаеа дзесяцігодзьдзе ўкласьці ня менш як 75 млрд даляраў у распрацоўку дзвух найбуйнейшых радовішчаў у Арктыцы.
«Неканчатковыя» дамовы
На думку крытыкаў, «Газпром» «праціснуўся» ў кола сусьветных энэргетычных гігантаў пры дапамозе ня надта чыстых мэтадаў, асабліва ў эпоху Пуціна. Паўднёварасейскае радовішча, якое «Газпром» нярэдка падае ў якасьці прыкладу адраджэньня фірмы, часта згадваюць і яе крытыкі.
Нафтапрамысловец з Форт Ўорту Рычард Монкрыф гаворыць, што зьяўляецца паўнапраўным уладальнікам 40% радовішча, якое, як ён сьцьвярджае, было легальна набыта ім у «Газпрому» ў выніку сэрыі ўгодаў каля 10 год таму. Ён таксама лічыць, што «Газпром» парушыў заключаны зь ім кантракт, калі аддаў 35‑працэнтную долю радовішча нямецкай фірме «БАСФ». Монкрыф падаў на «Газпром» у бэрлінскі суд, ацаніўшы сваю долю ў 12 млрд даляраў.
«Газпром» настойвае, што пагадненьні, пра якія ідзе гаворка, не былі канчатковыя.
Монкрыф ня надта верыць у пазытыўнае для сябе вырашэньне справы: «Расейцы даб’юцца таго, чаго хацелі, — прафінансуюць мадэрнізацыю ўласных прадпрыемстваў грашыма заходніх фірмаў».
Палітычны інструмэнт
У першы год свайго прэзыдэнцтва Пуцін выкарыстаў «Газпром» для пакупкі апазыцыйнай тэлекампаніі НТВ. З таго часу палітычна афарбаваны мэдыябізнэс разросься да нябачаных памераў, аднак яго фінансавая структура застаецца ў вялікай ступені непразрыстай.
Калі «Газпром» павысіў цэны для маладых дэмакратычных краін — суседак Расеі (такіх, як Украіна), паміж замежнапалітычнымі мэтамі Крамлю і эканамічнымі памкненьнямі газавага гіганта назіраўся ідэальны сымбіёз: Пуцін такім чынам пакараў суседзяў, а «Газпром» напхаў сабе кішэнь.
Кантракты «Газпрому» з эўрапейскімі спажыўцамі заключаны на гады наперад. Калі ў гэты час узьнікнуць нейкія праблемы са здабычай газу, то адчуць іх на сабе давядзецца, хутчэй за ўсё, шараговым расейцам. Прэс‑сакратар «Газпрому» Сяргей Купрыянаў адмаўляе магчымасьць узьнікненьня такіх праблем. Паводле яго словаў, кампанія асвойвае новыя радовішчы якраз для таго, каб мець магчымасьць выканаць доўгатэрміновыя забавязаньні перад эўрапейскімі спажыўцамі.
Вялікая Расея, вялікі «Газпром».А мо наадварот?
Былы эканамічны дарадчык прэзыдэнта Барыса Ельцына Міхаіл Дзялягін скептычна выказваецца наконт здольнасьці «Газпрому» забясьпечыць своечасовыя пастаўкі газу: «Мілер ператварыў «Газпром» у кашалёк Крамлю, а кашальком сьвідравіну не прабурыш».
Тым ня менш дзякуючы цэнам на нафту, якія перасягнулі 125 даляраў за барэль, газпромаўскі кашалёк з году ў год робіцца таўсьцейшым.
«Калі яны здолеюць пайсьці на павышэньне цэн на ўнутраным рынку, то гэтая кампанія мае неблагія шанцы стаць найбуйнейшай у сьвеце», — сказаў Джэймз Фэнкнэр, кіраўнічы дырэктар інвэстыцыйнага фонду «Рэд Стар Мэнэджмэнт», якому належаць акцыі «Газпрому». І дадаў: «Гэта не такая і далёкая будучыня».