Завесці крымінальную справу патрабуе назіральнік Яраслаў Навуменка па факце масавага ўкіду бюлетэняў на ўчастку №625 Каліноўскай выбарчай акругі №108 Мінска. Адпаведную скаргу назіральнік накіраваў у акруговую камісію, у РУУС і пракуратуру Першамайскага раёна сталіцы.

Назіральнік кампаніі «Права выбару-2016» ад «Руху «За свабоду» сцвярджае, што 9 верасня ў прысутнасці сябраў камісіі пад старшынствам Валерыя Мялешкі і сакратара Таццяны Трубчык у скрыню для датэрміновага галасавання ўкінуты фальсіфікаваныя бюлетэні ў вялікай колькасці.

«Перад абедзеным перапынкам ў мяне выклікала падазрэнне, што ў скрыні ёсць прыціснутыя адзін да аднаго ў выглядзе шчыльнага стоса бюлетэні, чаго не можа быць пры адзінкавым укідванні бюлетэняў выбаршчыкамі. На гэта была звернута ўвага старшыні камісіі Мялешкі, ад якога зразумелага адказу не было пачута», - піша назіральнік.

9 верасня па падліках Яраслава Навуменкі на ўчастак прыйшлі 42 выбаршчыкі. Пры агалошванні вынікаў галасавання пасля закрыцця ўчастка ў 19-00 камісія назвала іншую колькасць бюлетэняў - 228. Ізноў у скрыні для галасавання з'явіўся шчыльны стос бюлетэняў.

7 верасня назіральнік таксама зафіксаваў разыходжані ў лічбах, аднак патлумачыць іх не здолеў. 7 верасня камісія налічыла 45 бюлетэняў супраць налічаных назіральнікам 34, а 8 верасня - 45 супраць 27.

«Даказаць фальсіфікацыю можна, параўнаўшы спісы прагаласаваўшых з колькасцю бюлетэняў у скрыні», - адзначае назіральнік.

Яраслаў Навуменка ўвесь працоўны час знаходзіцца на ўчастку, выходзячы за ягоныя межы толькі пры размове па тэлефоне, але пры гэтым не выпускае ўваходныя дзверы з поля зроку.

Назіральнік просіць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?