Кандыдат на пасаду прэзідэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп паабяцаў апублікаваць падрабязную інфармацыю пра сваё здароўе, пасля таго як у яго суперніцы Хілары Клінтан дыягнаставалі пнеўманію.

Ён заявіў, што стан здароўя стаў «праблемай» падчас выбарчай кампаніі.

Трамп пазычыў ёй хутчэйшага выздараўлення і паабяцаў апублікаваць вынікі медыцынскага абследавання, якое ён прайшоў на мінулым тыдні з «вельмі-вельмі канкрэтнымі лічбамі».

«Я спадзяюся, што яны будуць добрымі. Я думаю, яны будуць добрымі. Я адчуваю сябе выдатна», — заявіў ён Fox News.

У канцы мінулага года Трамп апублікаваў кароткую заяву свайго доктара, у якім упэўнена гаварылася, што ён будзе «самым здаровым чалавекам, які калі-небудзь абіраўся на пасаду прэзідэнта».

70-гадовы Трамп і 68-гадовая Клінтан — адны з найстарэйшых кандыдатаў у прэзідэнты ЗША ў гісторыі.

Трамп раней выказваў сумневы з нагоды стану здароўя свайго апанента на выбарах. У мінулым месяцы ён заявіў сваім прыхільнікам, што Клінтан не хапае «псіхічнай і фізічнай трываласці».

Прадстаўнікі перадвыбарнага штаба Клінтан у адказ абвінавацілі Трампа ў распаўсюдзе чутак пра стан здароўя суперніцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?