Абраная дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па 70-й Стаўбцоўскай акрузе Алена Анісім, намеснік старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» (ТБМ), не ўспрымае парламент як «варожы лагер».

Пра гэта яна заявіла 13 верасня падчас анлайн-канферэнцыі на сайце Naviny.by.

«Для мяне гэта месца для працы, і вынік яе будзе залежаць ад тых намаганняў, якія я прыкладу, — сказала Анісім. — У парламенце бачу сваю ролю ў тым, каб быць трыбунам ад імя людзей, якія маюць альтэрнатыўны погляд на развіццё нашай краіны і зацікаўленыя ў яе паспяховай будучыні».

Новаабраны дэпутат паведаміла, што ў першую чаргу мае намер прасоўваць у парламенце законапраект аб падтрымцы беларускай мовы. «Першачарговая мая задача — спрыяць, каб беларуская мова стала рэальна дзяржаўнай, штодня гучала ў парламенце. Вынесу на разгляд дэпутатаў праект закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, які падаваўся ў парламент папярэдняга склікання, але не быў падтрыманы», — сказала яна.

Акрамя таго, Анісім будзе выступаць за стварэнне нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання і новага, цалкам беларускамоўнага, дзяржаўнага тэлеканала. Яшчэ адна яе ініцыятыва — каб усе законапраекты рыхтаваліся на дзвюх дзяржаўных мовах.

На пытанне, ці варта падняць у парламенце пытанне аб статусе бел-чырвона-белага сьцяга, каб за яго выкарыстанне грамадзян не пераследавалі, дэпутат адзначыла: «Думаю, што гэтае пытанне актуальнае, і ўсё гатова для яго станоўчага рашэння».

Што тычыцца праблем эканомікі, то, паводле слоў Анісім, яна мае намер рэалізоўваць пункты сваёй перадвыбарнай праграмы: перагледзець сістэму зарплат, каб не было істотнай разбежкі паміж заробкам дэпутата-бюджэтніка і работніка культуры, настаўніка і медсястры; ажыццявіць паўнавартасную пенсійную рэформу; зрабіць сістэму падаткаабкладання максімальна празрыстай і прадказальнай.

Дэпутат паабяцала апублікаваць у інтэрнэце сваю дэпутацкую зарплату, як толькі яе атрымае.

На пытанне, ці прызначылі яе ўлады ў Палату прадстаўнікоў або далі магчымасць рэальна выйграць, Анісім адказала: «Калі б я не сустракалася з выбаршчыкамі і не адчувала іх падтрымку, а проста сядзела ў кабінеце або інтэрнэце, то можна было б лічыць, напэўна, што мяне хтосьці прызначыў. Але шквал тых віншаванняў, якія я атрымала, тыя тэлефонныя званкі з акругі ад выбаршчыкаў сведчаць пра рэальную падтрымку маёй кандыдатуры. На асобных участках за мяне прагаласавала 75% выбаршчыкаў».

Паводле даных, апублікаваных ЦВК, Анісім набрала 40,5% галасоў выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?