Суд Маскоўскага раёна Мінска 13 верасня зняў з актывіста апазіцыі Паўла Вінаградава прэвентыўны нагляд, які быў усталяваны над ім 7 чэрвеня 2016 года. Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, прэвентыўны нагляд зняты з прычыны сканчэння тэрміну судзімасці, які мінае 14 верасня.

Нагадаем, пасля падзей на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года Вінаградаў быў арыштаваны і асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі. 14 верасня 2011 года маладзёжны актывіст выйшаў на свабоду згодна з указам прэзідэнта аб памілаванні, але за ім усталявалі прэвентыўны нагляд на тры з паловай гады. Затым прэвентыўны нагляд быў працягнуты яшчэ на паўгады ў сувязі з неаднаразовым прыцягненнем яго да адміністрацыйнай адказнасці.

Прэвентыўны нагляд з Вінаградава быў зняты 2 лістапада 2015 года, пасля чаго актывіст быў пастаўлены на ўлік у Маскоўскім РУУС. Аднак 7 чэрвеня 2016 года зноў было прынятае рашэнне аб усталяванні прэвентыўнага нагляду ў дачыненні да яго. Мера была прынята ў сувязі з наяўнасцю некалькіх адміністрацыйных пратаколаў, складзеных за ўдзел актывіста ў вулічных акцыях.

«Нават у такой краіне цудаў, як Беларусь, чалавек пад наглядам не можа знаходзіцца, калі ён не судзімы. Таму я быў на 100% упэўнены, што сёння прэвентыўны нагляд з мяне здымуць», — напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку Вінаградаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?