У ходзе навучальных заняткаў на чабаркульскім палігоне Чэлябінскай вобласці затануў танк Т-72, паведамляе newsru.com.

vpk-news.ru

Камандзір і наводчык выратаваліся, а кіроўца-механік танка правёў чатыры дні ў коме і перажыў клінічную смерць. Следства падазрае, што танкісты самі залілі танк вадой. Інцыдэнт адбыўся 23 жніўня, але паведамілі пра яго толькі ў чацвер, 15 верасня. Пра інцыдэнт інфармацыйнаму агенцтву распавёў кіраўнік праваабарончай арганізацыі «У вайскоўцаў таксама ёсць права» Аляксей Кавалёў.

Трагедыя адбылася, калі ваенныя адпрацоўвалі падводнае кіраванне. У нейкі момант у танк пачала паступаць вада, і баявую машыну затапіла. Камандзіру і наводчыку ўдалося выбрацца самастойна, а механіка-кіроўцу дасталі без прытомнасці.

Па словах Аляксея Кавалёва, следства мяркуе, што танкісты самі адкрылі люк. У той жа час танкісты сцвярджаюць, што вада ў танк пачала трапляць знізу, а люк яны адкрылі, каб выбрацца вонкі.

Супраць двух вайскоўцаў распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 350 КК РФ (Парушэнне правілаў кіравання або эксплуатацыі баявой, спецыяльнай або транспартнай машыны, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкай шкоды здароўю чалавека).

Аляксей Кавалёў сцвярджае, што віны вайскоўцаў у тым, што яны парушылі правілы кіравання баявой машынай, няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0