Расійскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў рэгулярна адпачывае на сядзібе «Мілоўка», якая знаходзіцца ў расійскім горадзе Плёс.

Пра гэта гаворыцца ў чарговым расследаванні расійскага Фонду барацьбы з карупцыяй, які ўзначальвае апазіцыянер Аляксей Навальны.

Навальны адзначыў, што гэта было вядома і раней, але да гэтага часу ў інтэрнэце публікаваліся толькі фатаграфіі шасціметровага плота, але не ўнутранай тэрыторыі.

ФБК апублікаваў відэа палёту дрона над тэрыторыяй лецішча. На ім відаць, што галоўныя дамы сядзібы XVIII стагоддзя былі адрэстаўраваныя. Таксама на вялізнай тэрыторыі 80 га пабудавана мноства будынкаў і аб'ектаў, у тым ліку — лыжная траса з пад'ёмнікам, прыватны прычал на Волзе, басейны, дапаможныя дамы і гэтак далей.

Паводле прыблізнай ацэнкі ФБК, кошт такой сядзібы складае каля 25—30 млрд расійскіх рублёў (400—500 млн даляраў).

Навальны ўдакладніў, што раней сядзіба знаходзілася пад упраўленнем фонду «Дар», цесна звязанага з жонкай Мядзведзева Святланай. Назіральную раду гэтага фонду ўзначальваў аднакурснік Мядзведзева Ілля Елісееў.

Праз тыдзень пасля «ракіроўкі» Пуціна і Мядзведзева ў 2011 годзе сядзібу перадалі некамерцыйнаму Фонду па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

Прэс-сакратарка прэм'ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева патлумачыла, што «дача Мядзведзева» ў Кастрамской вобласці з расследавання ФБК Аляксея Навальнага з'яўляецца рэзідэнцыяй і не належыць ні Мядзведзеву, ні членам яго сям'і.

«Аб'екты, дзе старшыня ўрада размяшчаецца на часовае або пастаяннае пражыванне, знаходзяцца пад аховай ФСА, ці то гэта гасцініцы, ці рэзідэнцыі, што знаходзяцца ў дзяржаўнай або іншай уласнасці, і забяспечваюцца сродкамі спецсувязі. Названыя вамі аб'екты, як і іншыя аб'екты часовага пражывання, не знаходзяцца ва ўласнасці Дзмітрыя Мядзведзева і не выкарыстоўваюцца ім і членамі яго сям'і на іншай прававой падставе», — гаворыцца ў адказе Наталлі Цімаковай на запыт «Эхо Москвы», які цытуе галоўны рэдактар радыёстанцыі Аляксей Венедыктаў.

У расследаванні ФБК Аляксея Навальнага сцвярджаецца, што рэзідэнцыя Мілоўка на Волзе блізу горада Плёс Кастрамской вобласці пабудавана на грошы дабрачыннага фонду «Дар», якія ўнеслі акцыянеры «Наватэка» Леанід Міхельсон і Леанід Сіманоўскі. Паводле звестак ФБК, фонд «Дар» быў заснаваны кампаніяй ТАА «Левіт» Міхельсонам і Сіманоўскі з капіталам больш за 33 млрд руб. Потым частка зямлі і маёмасці «Дару» перайшлі да фонду «Градзіслава», які Навальны звязаў з жонкай Мядзведзева Святланай.

Кошт рэзідэнцыі плошчай 80 га з сядзібай XVIII стагоддзя, шасцімятровым плотам і спецсувяззю ён ацаніў у 25—30 млрд руб. «На такую суму можна зрабіць неабходныя платныя аперацыі наогул усім, хто мае патрэбу», — гаворыцца ў матэрыяле.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0