Энцыклапедычны даведнік «Беларускія народныя музычныя інструменты» прэзентавалі 15 верасня ў Мінску. Прэзентацыя прайшла ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры.

Тут і ніжэй фота выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі»

«Кніга прысвячаецца ўнікальнасці інструментальнай музычнай культуры беларускага народа, якая мае шматвяковыя традыцыі, — падкрэслілі прадстаўнікі выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». — У нашы дні яна фармуецца і развіваецца, атрымлівае сучаснае ўвасабленне і прачытанне дзякуючы майстрам, якія карпатліва адраджаюць інструменты і надаюць ім новае гучанне; дзякуючы музыкам, якія інструменты прыручаюць; дзякуючы музыцы, якую стварае творчая фантазія выканаўцаў і народа».

Без народных музычных інструментаў складана і нават немагчыма ўявіць жыццё беларускай вёскі як у мінулым, так і ў нашы дні. Багатая ілюстрацыя даведніка адкрывае гэтую меладычную гісторыю. Распавядае пра паходжанне дуды і гармонікі, духавых інструментаў і цымбал, знаёміць з біяграфіяй беларускіх майстроў і музыкаў. А яшчэ дае кароткую характарыстыку кожнага інструмента, знаёміць з прыёмамі вырабу і ігры на іх.

Вялікую ўвагу выданне надае музычным фэстам, якія праводзяцца ў Беларусі. Гэта фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы», міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», «Дударскі фэст».

«Кніга будзе цікавая самаму шырокаму колу чытачоў, — адзначылі прадстаўнікі выдавецтва. — У наш час адбываецца своеасаблівы рэнесанс народнай інструментальнай музыкі, народныя інструменты шырока бытуюць па ўсёй Беларусі. У кожным горадзе, у кожным раёне, у кожным цэнтры культуры і рамёстваў, у кожным аматарскім і народным калектыве шырока выкарыстоўваецца сучаснае прачытанне шматвяковых музычных традыцый».

У даведніку можна знайсці інфармацыю пра калекцыі музычных інструментаў, якія захоўваюць беларускія музеі: Нацыянальны гістарычны — больш за 300 экспанатаў, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры — каля 140, Музей беларускіх народных інструментаў — больш за 150, Музей старажытнабеларускай культуры — каля 100.

Энцыклапедычны даведнік «Беларускія народныя музычныя інструменты» выпушчаны накладам 1 000 экзэмпляраў. Кнігу дапаўняе дыск з кампазіцыямі беларускіх выканаўцаў.

Больш фота тут >>>

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?