У Нацыянальным мастацкім музэі праходзіць выстава твораў Пабла Пікаса, Фэрнана Лежэ і Надзеі Хадасевіч.

Работы трох розных творцаў, аб’яднаныя ў адной залі мастацкага музэю, рэпрэзэнтуюць «левы» кірунак эўрапейскага мастацтва. Яшчэ таго, сацыялістычнага, але не абцяжаранага горкай праўдаю расчараваньня. Таго, гуманістычнага й жыцьцярадаснага, цікаўнага да ўсяго, што славіць стваральны працоўны патас.

…Пікаса пашанцавала. У мастацтве і жыцьці. Па‑буйному. Ягонае імя ўславілася яшчэ ў чэрвені 1901 г., калі славуты парыскі галерэйшчык Валар зрабіў на спробу пэрсанальную выставу дзевятнаццацiгадовага мастака з Гішпаніі. І мела тая выстава посьпех. Гэтак адразу да яго прышчапілася слава нонканфарміста, гарэзьлівага iмправiзатара, якi імкнуўся да самаабнаўленьня. Пры канцы 1930‑х творчасьць Пікаса ўспрымалася ўжо як вызначальная частка мастацкай самасьвядомасьці эўрапейскага грамадзтва. Што б ні рабіў мастак, усё станавілася ўзорам для перайманьня. Ці амаль усё: так, на парыскай Усясьветнай выставе 1937 г. яго славутую «Герніку» не заўважылі. Бо Пікаса й мадэрністы — Кандзінскі, Кірыко, Мандрыян — змушалі думаць, «напружвацца», расшыфроўваць галаваломкі. А перадваенныя глядач шукаў іншага.

Пасьля Другой усясьветнай вайны мiт Пікаса ўвабраўся ў сілу. Ён выжыў. Ён быў героем рэзыстансу, ён быў героем культуры. Паводле самога ж мастака, ён быў падобны да цара Мiдаса: усё, да чаго ні дакранаўся, станавілася золатам. Золатам мастацтва.

Менавіта тады, у другой палове 1940‑х, стары мастак захапіўся керамікаю. Гэта быў найлепшы час яго жыцьця: скончылася вайна, i ён быў чарговы раз шчасьліва закаханы. Глiна ад дотыку пальцаў ператваралася ў збаны, талеркі, вазы цi …у жанчыну. Вобразы каханых праходзяць праз усе работы Пікаса, нават нацюрморты i пэйзажы. Часам дасьледчыкi нават падзяляюць яго творчасьць на пэрыяды ў адпаведнасьцi з спадарожнiцамі. У кераміцы знайшла сваё адлюстраваньне апошняя каханая мастака Жаклiн Рок.

Неабмежаваныя магчымасьці керамікі, яе фактуры, арганічная повязь зь дзікасьцю зямлі — сталі адным з найялікшых адкрыцьцяў Пікаса. У адрозненьні ад жывапiсных, графiчных i скульптурных твораў, керамiчныя вывучаны менш, i кожная іх выстава стаецца файнай нагодаю для новых дасьледаваньняў. Часам у керамiцы паўтараюцца матывы графiкi. Вось талеркі з выявамi галубоў, намаляваных па ўзоры знакамiтай галубкi, або з адлюстраваньнямi жаночых галоваў, што трансфармуюцца ў галубак — амаль нязьменнымi яны перанесеныя з графiчных аркушаў мастака.

Пікаса да канца сваіх дзён жыў i рабіў у Валёрысе, заклаўшы падваліны славы тамтэйшага керамiчнага цэнтру. Яго паплечнікамі былі Ільля Зданевіч, сын беларускага інсургента‑каліноўца і грузінскай князёўны (той самы, які адкрыў для сьвету імя й творы Пірасмані), Фэрнан Лежэ, мастак‑камуніст, імпэтны й рамесны творца, у руках якога ажывалі і холст, і гліна, і смальта, ды яшчэ беларуска Надзея Хадасевіч, жонка Лежэ.

Праз шмат гадоў яна прывезла на Бацькаўшчыну іх творы. Дзякуючы ёй, у Нацыянальным мастацкiм музеi захоўваецца 38 твораў Пікаса 1948—60 г. Гэта выдатная тыражная керамiка: блюды, талеркi, вазы, збаны, насьценныя пано. Кожны экзэмпляр створаны пры непасрэдным удзеле Пiкаса.

Францускі мастак‑камуніст Фэрнан Лежэ зазнаў уплыў Сэзана, кубістаў, футурыстаў і пурыстаў. Быў захапіўшыся канструктывізмам. Працаваў і ў кіно і ў тэатры і ў дэкаратыўным мастацтве. Лежэ стварыў арыгінальны стыль у выяўленьні чалавечых постацяў і прадметаў, што паслужыў для эпігонства ва ўсім сацыялістычным лягеры. Яго пэрсанажы, складзеныя з абагульненых, нібы мэталічных формаў, нагадваюць болей мэханізмы, чым жывых істотаў. Чалавечае цела разглядаецца як рэч. Твар, яго плястычная каштоўнасьць, — шар, сфэра без пукатых і ўвагнёных элемэнтаў. Ва ўяўленьнях камуністычных дзеячоў вось такія істоты павінны былі збудаваць новы сьвет роўнасьці. Час быў такі… Разам з тым, індустрыйны стыль мастака быў выкшталцоны. Лежэ магутна паўплываў на эўрапейскае і савецкае дэкаратыўнае мастацтва.

У 1924 г. Лежэ арганізаваў у Парыжы «Сучасную акадэмію», дзе прапагандаваў свае погляды на мастацтва. А ў 1927 г. вучаніцай «Акадэміі» стала беларусачка Надзя Хадасевіч.

Яна нарадзілася яна ў вёсцы Асецішчы, што пад Бегам’ем, у 1904 г. Яшчэ ў дзяцінстве захапілася маляваньнем. У 1919 г. уцякла з хаты ў Смаленск, дзе паступіла ў Дзяржаўныя вышэйшыя мастацкія майстэрні.

Там яна і вучылася ва Ўладзіслава Страмінскага й ягонай жонкі Кацярыны Кабро. На пачатку 1920‑х Надзея Хадасевіч побач з рэалістычнымі карцінамі, выканала шэраг працаў у духу супрэматызму: «Прэс‑пап’е» (1918 г.), «Пачатак руху. Узьлёт‑1» (1922 г.). Акурат у прадстаўленых на менскай выставе яе работах знайшлі адлюстраваньне ідэі Малевіча, зь якімі мастачка пазнаёмілася падчас навучаньня ў студыі Страмінскага. Гэтым эстампам блізу стагодзьдзя, а яны па‑ранейшаму вабяць чысьцінёю колеру, формы і думкі. Бадай, для нас гэта найкаштоўнейшая часьціна экспазыцыі, што ілюструе эвалюцыю нашага мастацтва.

У 1922 г. Хадасевіч зьязджае з Смаленску ў Варшаву, скарыстаўшыся правам уцекачоў з Заходняе Беларусі. Два гады яна працавала пакаёўкаю ў польскай сям’і й была мадзісткаю ў капялюшных майстэрнях. Увадначасьсе займалася ў Акадэміі мастацтваў і вывучала варшаўскія музэйныя зборы.

У 1924 г. выйшла замуж за Станіслава Грабоўскага, беларуса, студэнта варшаўскае Акадэміі мастацтваў, ды зьехала зь ім у Парыж. Там яны разышліся. Другім мужам Надзеі стаў Фэрнан Лежэ.

У 1920—30‑я яна шмат дапамагала яму ў манумэнтальных і дэкаратыўных працах, павялічвала ягоныя эскізы, асыставала ў Акадэміі. Лежэ‑Хадасевіч наладзіла выданьне часопіса «Сучаснае мастацтва», што выходзіў на дзьвюх мовах: францускай і польскай. Яе эсэ й артыкулы ёсьць выбітнай крыніцаю для вывучэньня гісторыі і тэорыі мастацтва (у тым ліку й беларускага) міжваеннае эпохі.

У гады Другое сусьветнае вайны Надзея ўступіла ў Таварыства дапамогі фронту. Падчас акупацыі Францыі працавала ў падпольлі, распаўсюджвала ў Парыжы ўлёткі партызанаў. У 1944 г. яна ўступіла ў Саюз савецкіх патрыётаў і ў Саюз дапамогі былым ваеннапалонным, зладзіла выставу‑аўкцыён мастакоў удзельнікам Рэзыстансу. Акцыя прынесла ажно 3 млн франкаў на карысьць Чырвонага Крыжа й Саюзу савецкіх патрыётаў. На адкрыцьці Х зьезду Кампартыі Францыі ў 1945 г. экспанаваліся яе манумэнтальныя партрэты сяброў ЦК, выкананыя паводле гуашаў Фэрнана Лежэ.

Зразумела, чаму асоба Надзеі Лежэ‑Хадасевіч была гэтак прыязна ўспрынятая ў СССР. Яна карысталася тут выключнай папулярнасьцю, сябравала з брэжнеўскай міністаркай культуры Фурцавай. Першая кніга яе ўспамінаў выйшла ў Маскве ў 1978 г. На падставе ўражаньняў ад ваяжаў у СССР яна напісала безьліч палотнаў — «Калгасьніца», «Таджыцкія музыкі» і г.д. Надзея Лежэ даравала савецкім музэям жывапісныя працы мужа й свае палотны. Таксама яна падаравала беларускім школам больш за 2000 якасных рэпрадукцыяў карцінаў Люўру, што склалі спачатку вялікую перасоўную выставу, якую на пачатку 1970‑х вазілі па гарадах і вёсках БССР.

І цяпер, дзякуючы колішняй рупнасьці Надзі Хадасевіч, мы маем магчымасьць убачыць у Менску часьціну таго вялікага сьвету левага мастацтва Эўропы сярэдзіны ХХ ст., што натхняла пакаленьне нашых бацькоў. Тое, што выстаўлена сёньня ў адной толькі залі, дэманструе часьцінку калясальнага скарбу, які перахоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музэі. І застаецца балючае пытаньне — куды, у якія цёмныя шафы ізноў палягуць гэтыя дзвонкія й жыцьцядайныя творы, пасьля 23 чэрвеня, калі скончыцца выстава?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?