Падазраваны ў замаху на забойства з дапамогай падпалу дома ў Навагрудскім раёне заключаны пад стражу, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.

Следчы камітэт высвятляе акалічнасці падпалу дома ў Навагрудскім раёне. Пажар адбыўся ноччу 7 верасня. Жыхары адчулі пах дыму і самастойна пакінулі памяшканне. Гаспадыня дома, яе 4-гадовы сын і сужыцель не пацярпелі. Ратавальнікі аператыўна патушылі агонь, але будынак часткова знішчаны.

На месцы здарэння следчыя і эксперты выявілі прадметы, якія сведчаць пра наўмысны падпал дома. «Гэта дало падставы для распачынання крымінальнай справы па фактах замаху на забойства двух і больш асоб, якія знаходзіліся ў бездапаможным стане, здзейсненага агульнанебяспечным спосабам і з асаблівай жорсткасцю, а таксама наўмыснага знішчэння і пашкоджання маёмасці агульнанебяспечным спосабам (арт.14 ч.1, арт. 139 ч.2 п.1,2,5,6 і арт.218 ч.2 Крымінальнага кодэкса Беларусі)», — адзначыў Сяргей Шаршаневіч.

Падазрэнні ўпалі на былога сужыцеля гаспадыні дома, раней не асуджанага. Меркаваны матыў — рэўнасць. Следчыя высветлілі, што мужчына раней выказваў пагрозы сужыцельцы, якая разарвала з ім адносіны, абяцаў падпаліць яе дом, а напярэдадні пажару набыў у аднавяскоўца бутэльку з бензінам.

Следчыя збіраюць матэрыял, які характарызуе ўзаемаадносіны асоб, дапытваюць жыхароў вёскі, прызначаны шэраг складаных экспертных даследаванняў. Выяўляецца памер нанесенай шкоды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?