Праблема бясплоддзя становіцца з кожным годам усё больш вострай, бо кожная шостая пара сужонкаў у нашай краіне не можа мець дзяцей. Гэта тым больш актуальна, бо і так нараджальнасць знаходзіцца не на дастаткова высокім узроўні. Шмат хто бачыць выйсце ў працэдуры ЭКА (экстракарпаральнае апладненне) або in vitro. У СМІ можна ўжо наткнуцца на матэрыялы, якія з захапленнем рэкламуюць такую магчымасць. Аднак ці сапраўды ЭКА з’яўляецца выйсцем? Давайце прыгледзімся да праблемы з пункту гледжання агульначалавечага і хрысціянскага.

favim.com

favim.com

In vitro і бачанне чалавека: самы важны пастулат

Каталіцкую Царкву часта крытыкуюць за тое, што яе маральнае вучэнне накладвае шматлікія забароны. Аднак такія крытыкі рэдка жадаюць разабрацца ў пазіцыі Царквы, паглыбіцца ў сутнасць маральнага веравучэння, а між тым яно заўсёды разумна і рацыянальна абгрунтаванае. Вучэнне Каталіцкай Царквы ніколі не супрацьпастаўляе сябе навуцы. У навукі і вучэння Каталіцкай Царквы адна мэта — зрабіць чалавека шчаслівым.

Мне здаецца, што калі мы шчыра паспрабуем разабрацца ў адным з самых галоўных пастулатаў хрысціянскай антрапалогіі (навукі пра чалавека), то мноства этычна-маральных пытанняў, звязаных з праблематыкай in vitro (экстракарпаральнае апладненне — ЭКА), аўтаматычна адпадзе.

Што ж гэта за пастулат? Маральнае вучэнне Каталіцкага Касцёла сцвярджае: чалавечае жыццё пачынаецца ў момант зачацця. Некаторыя могуць тут запярэчыць, што, маўляў, «хай жыццё чалавека і пачынаецца ў момант зачацця, але гэта зусім не азначае, што чалавечы эмбрыён з'яўляецца чалавекам».

У гэтым артыкуле я не стаўлю мэты абгрунтаваць гэты тэзіс, або адказаць на згаданае пярэчанне. На дадзеную тэму ўжо не раз выказваліся іншыя людзі, як медыкі, так і тэолагі.

Як бачым, узнікненне этычна-маральных праблем экстракарпаральнага апладнення, або лепш сказаць, «рашэнняў этычна-маральных праблем ЭКА», ляжыць у плоскасці антрапалогіі, г.зн. навукі пра чалавека. Вось чаму так важна нам, хрысціянам і ўсім людзям добрай волі, па-першае, самім разумець асновы праўдзівай антрапалогіі, а па-другое, дзяліцца гэтым разуменнем з іншымі людзьмі ў нашым постсавецкім грамадстве.

Вось, напрыклад, лекар акушэр-гінеколаг Раман Гетманаў (лекар! А лекара цяжка западозрыць у схільнасці да містыцызму) наўпрост гаворыць аб тым, што праблема бясплоддзя часта ляжыць у духоўнай плоскасці:

«Часта праблема бясплоддзя — духоўная праблема. Бывае, калі ў жанчыны збіраеш анамнез і задаеш пытанне аб колькасці палавых партнёраў, то многія з іх глядзяць са здзіўленнем і кажуць — а я не памятаю, колькі іх у мяне было… І гэта тыповая сітуацыя сёння. Я не хачу казаць пра ўсіх, але вельмі многія выпадкі бясплоддзя, з якімі мы сутыкаемся, нажытыя самімі жанчынамі. Напрыклад, непраходнасць труб, пры якой многія звяртаюцца да ЭКА, узнікае, як правіла — а з гэтай нагоды як раз існуе афіцыйная статыстыка — калі ў жанчыны за жыццё было больш за пяць палавых партнёраў. Пасля гэтага амаль заўсёды ўзнікаюць хранічныя запаленчыя захворванні прыдаткаў і непраходнасць труб. Гэта, паўтаруся, не абавязкова характэрна для кожнай жанчыны, гэта сярэдняя статыстыка. А яшчэ многія з бясплодных жанчын неаднаразова рабілі аборты. А потым яны кажуць — мы пакутуем без дзяцей, зрабіце нам ЭКА. Законы духоўнага жыцця існуюць незалежна ад таго, прымаем мы іх ці не. А многія жанчыны не хочуць чуць пра гэтыя законы».

Разважанні Рамана Гетманава дапамагаюць мне прыйсці да наступнай высновы: фарміраванне ў грамадстве праўдзівага погляду на чалавека, на духоўны аспект чалавечага жыцця, на самы пачатак чалавечага жыцця, з’яўляецца свайго роду прафілактыкай узнікнення маральных пытанняў, звязаных з праблематыкай ЭКА.

Метад «in vitro» і забойства чалавека

У СМІ часта можна сустрэць насмешлівыя выказванні аб тым, што вось, маўляў, Каталіцкая Царква лічыць зачацце дзяцей у прабірцы амаральным. Са свайго боку СМІ рэдка спрабуюць разабрацца і аб’ектыўна асвятліць пазіцыю Царквы. Часцей за ўсё гэта агульныя фразы, вырваныя з кантэксту, а калі раптам і здарыцца падаць аргумент, то будзе пададзены аргумент самы слабы з пункту гледжання абывацеля-нехрысціяніна (напрыклад, раз'яднанне этапаў зачацця, атрыманне спермы шляхам мастурбацыі і інш.).

Часта Каталіцкую Царкву спрабуюць прадставіць цемрашальскай і фанатычнай у сваіх перакананнях. У адным артыкуле журналістка задаецца пытаннем «ці стануць каталікі карыстацца ЭКА» і сама адказвае на гэтае пытанне так: «У маштабах дзяржавы гэта не так важна. Важна заканадаўча забяспечыць ім гэта права, а скарыстаюцца яны ім ці не — іх выбар. Вядомыя выпадкі, калі прадстаўнікі некаторых канфесій у сілу сваіх рэлігійных перакананняў адмаўляюцца, напрыклад, ад пералівання крыві, і гэта іх права, іх выбар».

Цяжка сустрэць больш грубую і няўмелую маніпуляцыю. Па-першае, ад пералівання крыві адмаўляюцца толькі «Сведкі Іеговы», якія ў многіх краінах прызнаныя сектай, і ўжо тым больш іх недарэчна называць канфесіяй; па-другое, здзейсненая памылка з пункту гледжання фармальнай логікі, бо параўноўваюцца дзве непараўнальныя рэчы: пераліванне крыві і жыццё чалавека.

Бо менавіта за жыццё чалавека змагаецца Каталіцкая Царква, калі асуджае экстракарпаральнае апладненне. Давайце ж (апускаючы іншыя маральныя аспекты) пераканаемся ў гэтым, больш падрабязна паглыбіўшыся ў сутнасць тэхналогіі in vitro. Нагадаю, што тэхналогія in vitro дзеліцца на наступныя этапы:

- атрыманне яйцаклетак.

- атрыманне спермы,

- апладненне in vitro,

- перанос эмбрыёнаў у матку,

- знаходжанне эмбрыёнаў у матцы і «рэдукцыя» «залішніх» эмбрыёнаў.

Дадатковыя маніпуляцыі: 1) крыакансэрвацыя эмбрыёнаў і 2) прэімплантацыйная генетычная дыягностыка (ПГД).

Забойства чалавечага жыцця адбываецца на чатырох этапах дадзенай тэхналогіі:

1. Этап апладнення, дакладней, апошняя яго фаза, калі адбываецца селекцыя, выбар тых эмбрыёнаў (чытай: людзей), якія будуць перанесеныя ў матку.

2. Этап знаходжання ў матцы, калі адбываецца т.зв. «рэдукцыя», інакш кажучы, знішчэнне эмбрыёнаў.

3. Этап крыакансэрвацыі эмбрыёнаў (замарозка), а дакладней будзе сказаць, іх размарожванне, бо менавіта пры размарожванні вялікая частка замарожаных эмбрыёнаў гіне.

4. Варта асобна згадаць аб прэімплантацыйнай генетычнай дыягностыцы эмбрыёнаў (ПГД). Сутнасць яе ў тым, што доктар можа правесці аналіз генетычнага матэрыялу эмбрыёна да таго, як ён будзе перасаджаны ў матку. Іншымі словамі, лекар робіць «адсеў» «анамальных» эмбрыёнаў. Аднак, ці дарэчна казаць пра «адсеў», калі гаворка ідзе пра чалавечае жыццё? Варта задаць сабе пытанне: а ці не з'яўляецца ПГД разнавіднасцю еўгенікі, калі пэўная група людзей вырашае, каму нараджацца і жыць, а каму памерці яшчэ не народжаным. Ці трэба нагадваць, што ў гісторыі ўжо мелі месца такія тэндэнцыі?

Інваліды «з прабіркі»?

Аляксандр Баранаў, галоўны расійскі педыятр, лічыць, што ў дзяцей, зачатых пры дапамозе ЭКА, занадта высокая рызыка нарадзіцца з заганай развіцця і атрымаць інваліднасць. На думку доктара Баранава, інвалідамі нараджаюцца 75% дзяцей, якія з'явіліся на свет з дапамогай штучнага апладнення.

У той жа час амерыканскія навукоўцы ў 2008 годзе апублікавалі вынікі аналізу дадзеных, згодна з якімі павышаная рызыка для такіх заган, як заячая губа, дэфекты развіцця страўнікава-кішачнага тракту, дэфекты перагародкі сэрца, сапраўды маюць месца быць у дзяцей з прабіркі, але ўзровень рызыкі значна ніжэйшы, чым 75%. Да таго ж, гэтыя заганы не заўсёды прыводзяць да інваліднасці. Аднак жа застаецца пытанне: на падставе выбаркі якіх дадзеных былі зробленыя гэтыя высновы?

Шматлікія даследаванні на гэтую тэму, праведзеныя ў розных краінах свету, далі вельмі супярэчлівыя вынікі. Вось як пра гэта кажа акушэр-гінеколаг Раман Гетманаў:

«Я старанна спрабаваў на працягу доўгага часу знайсці менавіта медыцынскую, а не проста папулярную літаратуру па гэтым пытанні. І выявіў, што ніякай медыцынскай статыстыкі па дзецях, зачатых метадам ЭКА, не апублікавана. Для мяне гэта прыкмета таго, што тут не ўсё добра. Няма ўпэўненасці, што пасля ЭКА нараджаюцца зусім звычайныя дзеці. І яшчэ я хацеў бы сказаць усім прыхільнікам ЭКА, каб яны добра разумелі, што ЭКА — гэта вельмі вялікія грошы. Плаці, і атрымаеш, быў бы попыт, а прапанова будзе. ЭКА — гэта бізнэс».

Доктар Тадэвуш Васілеўскі, які практыкаваў ЭКА на працягу 14 гадоў у Польшчы, кажа пра 30-40% прыроджаных заганаў дзяцей, народжаных пры дапамозе ЭКА:

«Ужо даказана, што дзеці ЭКА на 30-40% часцей пакутуюць на генетычныя захворванні, чым дзеці, народжаныя натуральным спосабам. У 20-30 раз часцей у такіх дзяцей адбываюцца мутацыі генаў. Генетыкі прызнаюць, што баяцца рабіць прагнозы адносна таго, як гэтыя мутацыі адаб'юцца на чалавеку і чалавецтве ў будучыні».

Напратэхналогія як адзіная альтэрнатыва

Natural Procreative Technology — Тэхналогія Натуральнага апладнення. Гэта метад распазнання і лячэння бясплоддзя, заснаваны на павазе да жыцця і законаў прыроды.

Ключавым інструментам напратэхнологіі з'яўляецца так званая мадэль Крэйтана, заснаваная на вельмі дбайных назіраннях за натуральным менструальным цыклам жанчыны. У дадзеным метадзе вельмі важныя назіранні за вылучэннем слізі шыйкі маткі, што адбываецца некалькі разоў на працягу дня. Жанчыны павінны аператыўна запісваць вынікі сваіх назіранняў — гэта крыніца важнай інфармацыі, з улікам якой лекар, спецыяліст па напратэхналогіі, распрацоўвае стратэгію лячэння бясплоддзя.

Напратэхналогія амаль у тры разы больш эфектыўная за ЭКА. У выпадку, калі чыннікам бясплоддзя з'яўлялася адсутнасць авуляцыі, натуральным шляхам было атрымана 81,8% зачаццяў, пры полікістозных яечніках — 62,5%, пры эндаметрыёзе — 56,7%, пры непраходнасці фалопіевых труб — 38,4%. У той жа час для ЭКА аналагічныя паказчыкі з 1986 па 2001 год — усяго ад 21 да 27% цяжарнасцяў.

Рэзюмэ

Робячы падсумаванне, мне хочацца сказаць, што ў выпадку праблемы бясплоддзя маральна прымальнае рашэнне ёсць. Робячы выбар паміж ЭКА і напратэхналогіяй, мы робім выбар паміж жыццём і смерцю, паміж гармоніяй і хаосам, паміж сапраўдным і скажоным бачаннем чалавека. Якім будзе выбар — гэта залежыць ад нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?