«Літаратурны твор — гэта заўжды плён думак і фантазіі аўтара, які мастацкімі сродкамі спрабуе данесці да чытача тую ці іншую ідэю, вобраз і адлюстраваць з’яву, тэндэнцыю, каштоўнасці, заганы часу, у які мы жывём. Менавіта з такой аксіёмы сыходзіла рэдакцыя газеты «Народная Воля», калі, атрымаўшы тэкст сатырычнай паэмы «Даў заданне Правадыр напісаць «Войну и мир», прымала рашэнне апублікаваць яе поўнасцю», — гаворыцца ў прадмове.

Паэма вялікая і займае дзве старонкі фармату А2.

«Да гэтага часу ў беларускай літаратуры існавалі дзве ананімныя паэмы, якія адлюстроўвалі літаратурныя працэсы: «Тарас на Парнасе» і «Сказ пра Лысую гару». Нам здаецца, што паэма «Даў заданне Правадыр напісаць «Войну и мир» стане ўпоравень з гэтымі яркімі творамі. Напісана яна адмыслова, бездакорна (гэта можа засведчыць любы прыстойны літаратар), з мастацкім густам, сатырычна-іранічным поглядам аўтара на многія бакі нашага жыцця. Гэта яшчэ адзін важкі аргумент, які падштурхнуў рэдакцыю надрукаваць паэму на старонках «Народнай Волі»», — адзначаецца ў газеце.

Паэма складаецца з васьмі частак: «Страчаны спакой», «І жук, і жаба», «Эліта», «Агітбрыгада», «Ад пахвальбы да дзяльбы», «Ідэя», «Дух Караткевіча», «Вечны сон».

Сюжэт паэмы наступны. Існуе праўладны саюз творцаў, які ўзначальвае пісьменнік Трындунец.

Хадзіў, як брында, дзень каторы
Пісьменнік слынны Трындунец.
Дый як жа быць яму ў гуморы?
Жыццю спакойнаму — капец.

Ягонае спакойнае жыццё сканчаецца пасля таго, як Правадыр загадвае яму напісаць літаратурны твор, роўны «Вайне і міру», або «Поднятой целіне».

Хай пішуць пра жыццё народа,
І, можа, трохі пра мяне…
На гэта я даў паўгода.
Ты, уцяміў, Трындунец, ці не?

Калі з патуг не будзе толку.
Як рэзультат дасі пусты,
Я разганю тваю суполку,
І не ў фаворы будзеш ты.

Даецца ў паэме і апісанне гістарычнай эпохі.

Ідэалогія — аснова
Улады кожнай і любой.
А ў ёй і герб, і сцяг, і мова
І творчы люд уласны свой.

Калі тварцы складацьмуць оды
Пра існы лад, правадыра.
Дык будзе ціша-гладзь заўсёды,
Народ не ўспрыме бунтара.

Тутэйшы правадыр таксама
не агаломак, не дурны.
Была свая ў яго праграма,
І многа ўзяў са стараны.

Ён мець хацеў ва ўласнай хеўры
І літаратараў-пісак.
Рабіў абходныя манеўры,
Ім дагаджаў і так, і сяк.

Ды не рвануліся пісакі
Кагалам да яго ў хаўрус,
Хоць абяцаліся прысмакі,
І шмат было другіх спакус.

Не вабіў лёс марыянетак
тварцоў сапраўдных з веку ў век.
Дадаткам здарылася гэтак,
Што са святынь пачаўся здзек.

Яны, спрадвечныя святыні,
Для новага Правадыра
Былі нікчэмнымі, пустымі —
Іх замяніць даўно пара.

«Пагоні» быў прысуд суровы
І сцяга незайздросны лёс,
І парастак тутэйшай мовы
Зламаў-стаптаў ён, каб не рос.

У паэме пералічваюцца пісьменнікі праўладнага саюза, іх прозвішчы лёгка пазнавальныя: Шуруп, Усяед, Клёк, Бурчук, паэтэса Сыраежка.

Дык не было тварца ў кагале
Накшталт Бураўкіна, Брыля.
Яны шэдэўраў не пісалі —
Такіх, як «Новая зямля».

Стругалі вершыкі, раманы,
Прычым лічылі (без маны!)
Што кожны геній непрызнаны,
«Напалеонаўскія планы»
Выношвалі ў душы яны.

Але яны аказаліся няздольнымі напісаць беларускі аналаг «Войны і мір». Таму вырашылі выклікаць дух Караткевіча, каб напісаў за іх. Караткевіч адмаўляецца. 

У Трындунца прапала сліна
Здавалася застыла кроў,
Калі за збоку ці за спінай
Пачуў панурае:
— Здароў

Ты выбачай, Валодзя-братка,
Што патрывожыў твой спакой.
Дык без цябе нам дужа гадка.
Сядзім-бядуем талакой.

Нас Правадыр зусім нядаўна
Да сценкі, мовіць так, прыпёр
Загад катэгарычны даў нам —
Прынесці геніяльны твор.

Заданне тое мне на плечы
Звалілася як цяжкі груз.
Хоць я стварыў, сказаць дарэчы,
Другі пісьменніцкі саюз.

 Ды ў ім прызнаюся табе я
На абалдуі абалдуй.
Ім не пад сілу эпапея,
Дык на цябе адна надзея.
Ты, калі ласка, прадыктуй.

А потым загучалі словы,
Бы дух зачытваў прыгавор —
Бескампрамісны і суровы:
Вам трэба гненіяльны твор?

А для каго? Не для народа
— для вашага Правадыра!
А вам важней — узнагарода.
Прыхільнасць «царскага двара».

Шэдэўры нават не гатовы
Чытаць на роднай мове люд.
Бо ўжо не знае гэтай мовы
Яе вы затапталі ў бруд.

Парвалі б вы, як грэлку Тузік,
Мяне самога, каб дажыў.
Не быў бы я ў тваім саюзе,
Бо ён па духу мне чужы.

Чаго вы плешчаце аблуду,
Шэдэўры просіце ў мяне?
Нічога дыктаваць не буду,
Ды і народ вас пракляне.

А што Трындунец? Ён засынае і сніць Парнас, куды трапляе. Але…

Хто ж пазірае гэтак колка?
Ён аглянуўся. Божа мой!
То ж беларуская суполка!
У бок ягоны йдуць гурмой!

Бураўкін, Колас, Танк, Купала…
А Караткевіч — на чале!
І Трындунцу аж млосна стала,
«Паб’юць! Прылюдна! Пры святле!».

***

У інтэрнэце паэмы пакуль няма. Яе можна прачытаць толькі ў папяровым выглядзе. Дата напісання, дарэчы, 24—31 жніўня 2016. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0