AFP

AFP

Сёлета Беларусь павялічыла пастаўкі прадуктаў харчавання ў Расію, і ніякага блакавання імпарту прадуктаў у Расію няма. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на кіраўніка Рассельгаснагляда Сяргея Данкверта.

«Звесткі па пастаўках — гэта найлепшы аргумент, яны паказваюць, што за няпоўны гэты год — з 1 студзеня па 18 верасня беларускія пастаўшчыкі па асноўных прадуктах харчавання і некаторых відах сельгаспрадукцыі ўжо перакрылі гадавыя паказчыкі 2015 года», — сказаў Сяргей Данкверт.

Паводле яго слоў, у гэтым годзе пастаўкі ялавічыны з Беларусі склалі ўжо 102 тысячы тон (супраць 96,8 тысяч за ўвесь мінулы), птушкі — некалькі менш за леташні ўзровень, 96 тысяч тон (супраць 99 тысяч у 2015-м). Што датычыцца ўвозу кармавых дабавак, то тут павелічэнне амаль удвая - 18,1 тысячы тон (у 2015 годзе гэты паказчык склаў 9,5 тысяч).

Таксама Данкверт прывёў лічбы імпарту беларускай «малочкі» ў Расію: 619 тысяч тон з пачатку года (за ўвесь мінулы год было толькі 484 тысяч). Тая ж сітуацыя з рыбай: 46,5 тысяч тон супраць 37,5 тысяч за мінулы год.

Акрамя таго кіраўнік Рассельгаснагляду адзначыў, што рэальныя лічбы могуць быць яшчэ больш: не ўся прадукцыя праходзіць праз кантрольныя пункты (з улікам гэтага, агульныя лічбы могуць быць больш яшчэ прыкладна на 10%).

Нагадаем, 20 верасня Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў пазіцыю Расіі, у тым ліку і па пытанні блакавання беларускіх прадуктаў. Паводле яго слоў, у мінулым годзе гандаль з Расіяй быў не на лепшым узроўні, і пакуль нагнаць упушчанае не атрымалася — хоць аб'ём паставак павялічыўся, але «цэны напалову ніжэй».

«У Расіі яны (беларускія тавары) чамусьці «няякасныя». Але зразумела: калі мы пастаўляем якасны тавар і па прымальных цэнах у Расію, мы б'ём па кішэнях алігархаў ад сельскай гаспадаркі ў Расіі, — звярнуў увагу кіраўнік Беларусі. — Яны ціснуць на ўрад (там сувязі, вы ведаеце не горш за мяне, якія), а ўрад дае каманду «фас» рознага роду чыноўнікам — ад Рассельгаснагляда і гэтак далей. Яны ў нас тры прадпрыемствы адкрываюць для паставак — пяць закрываюць, пяць адкрываюць — шэсць потым закрываюць. Ідзе непрыхаваны ціск».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?