7 кастрычніка адбудзецца баксёрскі бой за пояс WBA (Сусветнай баксёрскай асацыяцыі) у суперлёгкай катэгорыі (да 63,5 кг) паміж уладальнікам пояса — чэмпіёнам свету Рыкі Бёрнсам (Ricky Burns) і першым нумарам рэйтынгу, беларускім баксёрам Кірылам Рэліхам, — паведамляе брытанскае спартовае выданне skysports.com.

Зорны ў мінулым баец, а сёння трэнер Рэліха Рыкі Хатан папярэдзіў Бёрнса, што ягоны выхаванец «трэніруецца па поўнай праграме і без праблем правядзе хоць усе 12 раўндаў з такім байцом сусветнага класа, як Бёрнс». 

Сам Кірыл напярэдадні бою заявіў, што ён мае адказы на ўсё, што можа паказаць Бёрнс, і, хаця Бёрнс больш дасведчаны баец, у беларуса таксама багатая аматарская кар'ера. 

Кірыл Рэліх са сваім трэнерам Хатанам.

Дарэчы, на прафесійным рынгу Кірыл яшчэ не саступаў — ён мае 19 баёў, сярод якіх 17 перамог накаўтам і ніводнай паразы. У брытанскай прэсе яго называюць «нябітым праспектарам» — ад слова prospect — перспектыва. 

Хлопцу 26 гадоў, ён родам з Баранавіч, дзе пачынаў сваю кар'еру, перайшоўшы потым да мінскага трэнера Сяргея Пыталева. 

Цяпер Рэліх трэніруецца ў Брытаніі, у Баранавічах у яго сям'я і двое дзяцей. 

Кірыл з поясам чэмпіёна СНД у баранавіцкай зале бокса.

Кошты квіткоў на бой сягаюць 200 еўра. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?