У аўторкавым нумары «Народнай волі» выйшла сатырычная паэма за аўтарствам Макара Друкара (псеўданім невядомага) пад назвай «Даў заданне Правадыр напісаць «Вайну і мір».

Вершаваная паэма адлюстроўвае літаратурныя працэсы ў Беларусі. Паводле сюжэту, старшыню праўладнага саюза творцаў Трындунца (алюзія на Чаргінца) выклікае да сябе Правадыр і дае загад напісаць штосьці роўнае «Вайне і міру», іначай той трапіць у няласку. 

Ад безвыходнасці члены саюза выклікаюць дух Караткевіча, каб папрасіць яго надыктаваць геніяльны твор. 

Але той злосна адмаўляе, пасля чаго ў сне Трындунец трапляе на Парнас, дзе бачыць Быкава, Караткевіча, Танка ды іншых, і ўцякае ад іх. 

Скончваецца паэма тым, што Чэхаў і Талстой пераконваюць Трындунца ў ягонай уласнай адоранасці і той сядае пісаць твор пад назвай «Правадыр». 

«Наша Ніва» запыталася ў старшыні пралукашэнкаўскага Саюза пісьменнікаў Мікалая Чаргінца, што ён думае пра паэму. 

Мікалай Чаргінец.

«Я паглядзеў гэта… Скажу словамі Чэхава: калі вас пакусаў сабака, гэта не значыць, што трэба адказваць яму тым жа», — сказаў Чаргінец, пасля чаго выказаўся пра аўтара даволі рэзка. 

«Нейкі недавумак, якога няма нават — гэта ж псеўданім аўтара! Гэта прыдурак! Сіфілісам заражаны! Па-мойму, у яго сіфіліс мозгу,

а яго перадрукаваў [… — эпітэты выдаленыя рэдактарам НН] Новікаў [Аляксандр Новікаў — літаратурны крытык]. Вось і ўся ацэнка. Што там цікавага ёсць апроч хамства, таннага прычым? Апроч зайздрасці? Бяздарныя словы, літаратурай і не пахне, верша і блізка няма. І грош цана такой газеце, якая гэта друкуе», — разышоўся Чаргінец. 

Таксама мы яго спыталі, як ён будзе вырашаць пытанне, абазначае ў паэме — загад «Правадыра» стварыць твор на ўзроўні «Вайны і міру». 

«Слухайце, трэба ж правільна разумець, Лукашэнка меў на ўвазе творы, якія могуць расцэньвацца як «Вайна і мір», — сказаў Чаргінец. — І мы такога ж меркавання. У нас ёсць свае кнігі і пісьменнікі. Гэта кнігі Быкава, і Шамякіна, і Танка, і многіх іншых. А наш сучасны пісьменнік! Пачытайце Ільінскага «Шапка Мономаха», Гніламёдава «Расія», пачытайце Бандарэнку пра Першую сусветную вайну, Марчука, Матвіенкі «Авіяносец Калчак». Гэта выбітныя творы, якія могуць выходзіць у свет». 

Таксама Мікалай Чаргінец дадаў, што «той паўдурак», які напісаў твор, наадварот, мусіў ганарыцца беларускай літаратурай, але прамяняў гонар на ганарар ад «Народнай волі».

«Гэта не ўвойдзе ў аналы гісторыі беларускай літаратуры, і мае калегі таксама плюнулі ў той бок», — рэзюмаваў Чаргінец. 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?