Артур Боруц, фота sport.pl

Пасьля матчу адзін з найлепшых з гульцоў зборнай Польшчы Артур Боруц, які ў першым тайме адбіваўся ад аўстрыйцаў ледзь не матузкамі ад майткоў, так ахарактарызаваў гульню:

Ненавіджу такія сытуацыі, ненавіджу. Нешта сабе абяцаем, кажам, пераконваем, а потым атрымліваецца наадварот. Мы ня робім высноваў са сваіх памылак. Здавалася, выбраліся зь цяжкога становішча [у якім апынуліся ў першым тайме], але, як аказалася, не да канца. Судзьдзя? (…) Сёньня нам не дапамог, гэта факт. Але такое жыцьцё. (…) Прыкра, бо такія нічыі з камандамі горшымі за цябе больш балючыя чым паразы ад больш моцных супернікаў.

Словы варатара зборнай Польшчы і шатляндзкага «Сэлтыка» цытуе sport.pl

Іншыя гульцы зборнай Польшчы, а таксама трэнер Леа Бээнхакер пабачылі ў пэнальці, прызначаным на перадапошняй хвіліне Ховардам Уэбам, ледзь ня змову супраць польскай нацыі.

Цяпер каб трапіць у чвэрцьфінал — і нарвацца на зборную Партугаліі — нашым братам па зброі ў 1794 і 1863 гг. - трэба ў панядзелак мусова перамагаць харватаў. «Вогненныя» ўжо забясьпечылі сабе першае месца ў групе, таму ня выключана, што ў трэцім паядынку выйдуць аслабленым складам.

Але Аўстрыя тады павінна перамагчы страшэнна раззлаваную Нямеччыну, прычым забіць на мяч меней, чым палякі. Спартовыя польскія аглядальнікі рэальна глядзяць на сытуацыю: «бела‑чырвоныя» пакідаюць Эўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0