Праваахоўнікі затрымалі службовых асоб з ліку чыгуначнікаў, якія кралі дызпаліва проста з цыстэрнаў на шляхах ў сталіцы, паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама.

Сем службовых асоб чыгуначнай станцыі і службовая асоба БЧ злівалі паліва з чыгуначных цыстэрнаў на пад'язных шляхах да адной з прамысловых зон сталіцы. Салярка належала РУП «Беларуснафта-Мінскаўтазапраўка».

Працавалі зламыснікі па наступнай схеме. Яны сустракаліся ў загадзя абумоўленым месцы, дзе знаходзіліся гружаныя цыстэрны, потым з дапамогай інструмента адкрывалі вечка, а дызельнае паліва злівалі ў каністры і везлі на асабістых машынах.

Дарэчы, у абавязкі работніка БЧ уваходзіла папярэджанне, спыненне правапарушэнняў і крадзяжоў, а таксама прыцягненне правапарушальнікаў да адміністрацыйнай адказнасці.

Група была затрыманая падчас чарговага крадзяжу дызпаліва. У іх канфіскавалі каля сотні каністраў з гаручым, а на ахоўных клапанах цыстэрнаў былі выяўленыя сляды ўскрыцця. Толькі ў гэты раз зламыснікі спрабавалі скрасці паліва на суму 2500 рублёў.

Праваахоўнікі адпрацоўваюць каналы збыту выкрадзенага паліва, бо на нафтабазе рэгулярна фіксаваліся розныя аб'ёмы нястачы, якую спісвалі за кошт хібнасці вымярэнняў натуральнага змяншэння паліва пры выпарэнні.

У дачыненні да затрыманых распачалі крымінальную справу па частцы 2 артыкула 210 КК РБ (Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі), санкцыя якога прадугледжвае да 4 гадоў пазбаўлення волі. Вядзецца следства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0