Былы кандыдат у дэпутаты па 108 Каліноўскай выбарчай акрузе Юрась Губарэвіч накіраваў скаргу ў Следчы камітэт па выніках выбараў з патрабаваннем правесці праверку і пакараць вінаватых у фальсіфікацыях.

«Падчас як датэрміновага, так і асноўнага галасавання мной, а таксама іншымі грамадзянамі былі зафіксаваныя шматлікія факты парушэнняў Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Лічу, што гэтыя факты дакладна сведчаць аб тым, што падчас выбараў, падліку галасоў па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108 былі дапушчаны такія парушэнні Выбарчага кодэксу, якія паўплывалі на вынікі выбараў», — сказана ў скарзе Губарэвіча.

Ён лічыць, што падчас галасавання па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108, у прыватнасці, вёўся няправільны падлік выбаршчыкаў, якія ўзялі ўдзел у галасаванні. Па падліках назіральнікаў, разыходжанне ў колькасці выбаршчыкаў з афіцыйнымі дадзенымі было зафіксаванае на большасці ўчасткаў Каліноўскай акругі. Такім чынам, разыходжанне ў яўцы склала 5546 галасоў.

«Улічваючы, што назіральнікі знаходзіліся на ўсіх участках бесперапынна на працягу ўсяго часу для галасавання і вялі ўлік прагаласаваўшых выбаршчыкаў, лічбы назіральнікаў мусяць быць дакладнымі. Калі б і было разыходжанне па лічбах, яно мусіла быць мінімальным», — лічыць Юрась Губарэвіч і дадае, што «разыходжанне па лічбах высветлілася толькі ў апошні дзень датэрміновага галасавання — у астатнія дні лічбы назіральнікаў супадалі з лічбамі ўчастковых камісій».

Гэта сведчыць, па меркаванні былога кандыдата ў дэпутаты, пра тое, што ў апошні дзень датэрміновага галасавання (10 верасня), а таксама ў дзень асноўнага галасавання (11 верасня) у скрыні для галасавання былі даданыя дадатковыя бюлетэні.

Ён патрабуе правесці па дадзеным факце праверку: апытаць назіральнікаў, праверыць спіс выбаршчыкаў і іх подпісы, абзваніць усіх выбаршчыкаў, правесці графалагічную экспертызу подпісаў у журнале ўліку выбаршчыкаў.

Акрамя таго, Губарэвіч адзначыў у скарзе выпадкі ўкідвання бюлетэняў: на ўчастку № 625 (назіральнік Якаў Навуменка заўважыў вялікі стос бюлетэняў у скрыні для датэрміновага галасавання), 609 (назіральнікі заўважылі ўскрыццё скрыні, пячатка і нітка не супадалі).

Па меркаванні першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду», на акрузе вёўся таксама няправільны падлік галасоў. Так, на ўчастку № 618 старшыня камісіі пасля падліку галасоў агучыў вынікі галасавання, якія не супадалі з дадзенымі з выніковага пратаколу, пры вывучэнні табліцы з вынікамі галасавання ў акруговай камісіі высветлілася, што дадзеныя ў акруговай камісіі не адпавядаюць дадзеных па галасаванню на некаторых участках (па ўчастках № 604, 609, 610, 616, 619, 624, 631, 637).

На падставе прыведзеных фактаў Юрась Губарэвіч патрабуе правесці «праверку па парушэннях выбарчага заканадаўства пры правядзенні галасавання па Каліноўскай выбарчай акрузе № 108, ў тым ліку правесці графалагічную экспертызу подпісаў у журнале ўліку выбаршчыкаў і апытаць саміх выбаршчыкаў, а таксама назіральнікаў», «распачаць крымінальную справу ў адпаведнасці з арт. 192 Крымінальнага кодексу Рэспублікі Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?