Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін распарадзіўся ўвесці ў краіне курортны збор. Даходы ад выплат адпачывальнікаў на расійскіх курортах пойдуць на развіццё турыстычнага комплексу.

Getty

«Унесці ў заканадаўства РФ змены, якія прадугледжваюць увядзенне курортнага збору, даходы ад якога могуць быць накіраваныя на развіццё санаторна-курортнага комплексу Расійскай Федэрацыі», — даручыў Пуцін на пасяджэнні прэзідыума Дзяржсавета, прысвечаным расійскім курортах. Тэкст даручэння апублікаваны на сайце Крамля.

Адказным за выкананне прызначаны прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Тэрмін выканання — сакавік 2017 года.

Курортны збор плануецца спаганяць з расейцаў, якія адпачываюць у курортных зонах. Яго памер пакуль невядомы, як і тое, ці будзе выплата аднаразовай.

Раней улады анексаванага Расіяй Крыма прапанавалі прызначыць збор на ўзроўні 300 рублёў (каля 5 даляраў) і выплачваць адначасова.

«Крым рыхтуе свае прапановы для курортнага збору. Я лічу, што гэты падатак павінен быць адначасовым, і яго сума не павінна перавышаць 300 рублёў», — заявіў у чацвер крымскі міністр турызму Сяргей Стральбіцкі.

Закон аб курортным зборы дзейнічаў у Расіі з 1991-га па 2004 год. Гранічны памер стаўкі курортнага збору быў устаноўлены на ўзроўні 5% ад мінімальнай месячнай зарплаты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?