Міністэрства ўнутраных спраў Францыі запатрабавала тлумачэнняў ад бельгійскага пасла пасля таго, як французская паліцыя затрымала двух сваіх бельгійскіх калег разам з 13 мігрантамі, якіх тыя меркавана перавезлі праз мяжу.

Паліцэйскіх і мігрантаў затрымалі непадалёк ад французскай камуны Н'еп у сераду, 21 верасня. Французскі паліцэйскі патруль спыніў аўтамабіль з бельгійскімі паліцэйскімі і мігрантамі неўзабаве пасля таго, як тыя пераехалі мяжу.

Бельгійцаў ненадоўга затрымалі і дапыталі перад тым, як адпусціць. У прафсаюзе паліцэйскіх Бельгіі сцвярджаюць, што на вартавых парадку пры гэтым надзелі кайданкі. Французскі бок гэта адмаўляе.

Мігранты таксама былі затрыманыя і часова размешчаныя ў паліцэйскім участку ў французскім Лілі.

Як патлумачылі бельгійцы у інтэрв'ю мясцоваму тэлеканалу, яны проста вырашылі падвезці мігрантаў, якія накіроўваліся ў Францыю, да пункта прызначэння, заўважыўшы іх на дарозе. Як растлумачылі ў прафсаюзе, мяжа паміж Бельгіяй і Францыяй практычна незаўважная, таму атрымалася так, што бельгійцы вывезлі мігрантаў на тэрыторыю іншай краіны.

«Мы не хацелі пакідаць іх на абочыне дарогі, каб яны ішлі да мяжы пешшу, таму мы падвезлі іх туды, куды яны накіроўваліся», — патлумачыў адзін з паліцэйскіх.

Інцыдэнт выклікаў абурэнне ўладаў Францыі, якія асудзілі яго як парушэнне ўстаноўленых працэдур узаемадзеяння паміж дзвюма краінамі. Ад бельгійскага пасла ў Францыі Вінсэнта Мертэнса дэ Вільмарса маюць намер запатрабаваць тлумачэнні у сувязі з інцыдэнтам, гаворыцца ў заяве французскага МУС.

У 2015 годзе ў Еўропу прыехалі 1,83 млн мігрантаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?