Т.зв. «Луганская і Данецкая народныя рэспублікі» дамовіліся з Кіевам аб правядзенні абмену палоннымі па формуле «618 на 47». Пра гэта заявіла прадстаўнік ЛНР ў гуманітарнай падгрупе кантактнай групы Вольга Кобцава.

«У рамках рэалізацыі пунктаў пяць і шэсць Комплексу мер па выкананні мінскіх пагадненняў была дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні абмену паміж ЛНР, ДНР і Украінай. Украіне перадаём 47 асоб, а наўзамен атрымліваем 618 асоб. Гэтая дамоўленасць была зафіксаваная і на пасяджэнні Кантактнай групы 21 верасня», — перадае словы Кобцавай lug-info.com.

Паводле яе слоў, з лютага 2015 года паміж бакамі канфлікту на Данбасе было зроблена 15 абменаў палоннымі. У выніку «ДНР» і «ЛНР» вызвалілі 207 чалавек, а Украіна — 121 чалавека.

У «ДНР» заявілі, што ўкраінскі бок папрасіў накіраваць пісьмовую прапанову аб новым абмене палоннымі па формуле «усіх на ўсіх», піша ДАН.

«У паэтапным выкананні пункта 6 Комплексу мер, які тычыцца абмену палоннымі «ўсіх на ўсіх», украінскаму боку была зробленая прапанова: памяняць усіх устаноўленых з абодвух бакоў асоб. Такім чынам, выходзіць формула «618 на 47». Украінскі бок папрасіў пісьмова аформіць гэтую прапанову. Мы ўжо гэта зрабілі», — сказала прадстаўнік «ДНР» Дар'я Марозава.

Афіцыйны Кіеў пакуль не каментаваў гэтую інфармацыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0