Лукашэнка, пры ўсёй эксцэнтрычнасьці і дзікасьці ягоных палітычных манер і мовы, усё ж закладае падмурак, які перажыве ягонае праўленьне. Піша Ян Максімюк.

Мне цяжка прыгадаць каго‑небудзь зь лідэраў сучаснай беларускай апазыцыі, хто б не займаў таго ці іншага прыметнага становішча ў палітычным, сацыяльным або культурным жыцьці Беларусі да ліпеня 1994 году, калі да ўлады прыйшоў прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка.

Станіслаў Шушкевіч у той час, калі Лукашэнка пачаў сваю палітычную кар’еру, быў старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі, і менавіта Шушкевічаў подпіс стаіць пад пагадненьнямі, якія пазначылі сабой канец Савецкага Саюзу. Лявон Баршчэўскі зь Беларускага Народнага Фронту ў 1991—95 г. быў дэпутатам ВС разам са сваімі паплечнікамі Зянонам Пазьняком і Юрасём Беленькім. Анатоль Лябедзька, лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі, таксама быў дэпутатам ВС таго самага скліканьня. Сацыял‑дэмакрат Аляксандар Казулін быў намесьнікам міністра адукацыі ва ўрадзе Вячаслава Кебіча. Другі сацыял‑дэмакрат Мікола Статкевіч быў заснавальнікам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Мабыць, толькі Аляксандар Мілінкевіч быў у далукашэнкаўскую эпоху амаль невядомы, займаючы пасады ўнівэрсытэцкага выкладчыка і намесьніка старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму.

Праз чатырнаццаць год, пасьля сэрыі маштабных палітычных няўдачаў, мы бачым на чале беларускай апазыцыі практычна тых самых людзей. Але калі чатырнаццаць год таму гэтыя палітыкі маглі мабілізаваць у Менску на вулічныя акцыі пратэсту супраць рэжыму 50 000 чалавек, дык сёньня і 2000 лічацца вялікім посьпехам. «Канфлікт пакаленьняў» паміж апазыцыйнымі лідэрамі‑»вэтэранамі» і маладымі беларусамі зьяўляецца адной з істотных прычынаў выключнай слабасьці сучаснай беларускай апазыцыі. Хоць можна таксама сьцьвярджаць, што ня менш важныя прычыны маргіналізацыі апазыцыйнага руху і нават зьвядзеньня яго да ролі савецкага дысыдэнцтва палягаюць у адсутнасьці адэкватнай палітычнай стратэгіі з боку апазыцыі і здольнасьці рэжыму сяк‑так патрапляць асноўным патрэбам ды чаканьням моладзі.

Вера ў Яго Вялікасьць Крызіс

У апошняй онлайн‑канфэрэнцыі на радыё «Свабода» Мікола Статкевіч выказаў меркаваньне большасьці беларускіх апазыцыйных лідэраў, заявіўшы, што зьмены ў сёньняшняй Беларусі магчымыя толькі ў выпадку палітычнага крызісу падчас прэзыдэнцкіх выбараў. «Рашучыя дзеяньні паўтары тысячы дэманстрантаў ва ўмовах, калі ўлада захоўвае субардынацыю, немагчымыя, — сказаў Статкевіч. — Але ёсьць адна ноч у пяць гадоў, калі субардынацыя ўладаў, так бы мовіць, хістаецца. Гэта ноч палітычных цудаў. Гэта — ноч прэзыдэнцкіх выбараў».

Усе апошнія тактычныя крокі апазыцыі адпавядалі гэтаму стратэгічнаму прынцыпу. За час лукашэнкаўскага кіраваньня значныя фінансавыя, арганізацыйныя і інфармацыйныя рэсурсы былі кінутыя апазыцыяй галоўным чынам на тры палітычныя кампаніі — прэзыдэнцкія выбары 2001 і 2006 гадоў, а таксама рэфэрэндум 2004 году, што меў на мэце зьняць для Лукашэнкі абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Выбары ў нацыянальны сход у 2000 і 2004 гадах разглядаліся апазыцыяй як менш важныя, і ўжо зусім ніхто, відаць, не ўспамінае пра кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы, якія Беларусь перажывала ў 1999, 2003 і 2007 гадах.

Ня дзіўна, што ў ходзе вышэйзгаданых кампаній па выбарах прэзыдэнта роля маладых актывістаў апазыцыі абмяжоўвалася зборам подпісаў, распаўсюджваньнем агітацыйных матэрыялаў і самае галоўнае — удзелам у вулічных пратэстах. Тым часам іх старэйшыя калегі прымалі рашэньні адносна разьмеркаваньня рэсурсаў і прадстаўлялі Беларусь за мяжой. У апазыцыйнай моладзі практычна не было магчымасьці праявіць уласныя палітычныя амбіцыі. З другога боку, парлямэнцкія і мясцовыя выбары давалі куды лепшыя магчымасьці для разьвіцьця мясцовых палітычных ініцыятываў і набыцьця палітычнага досьведу моладзевымі актывістамі, якія маглі прэтэндаваць на месцы дэпутатаў. Аднак іх старэйшыя калегі былі зацікаўленыя толькі ў сымбалічным удзеле ў такіх кампаніях (асабліва ў буйных гарадах), паколькі лічылі поўнамаштабны ўдзел у парлямэнцкіх выбарах, не гаворачы ўжо пра мясцовыя, пустой тратай часу і сілаў. Такім чынам, канфлікт пакаленьняў у беларускай палітычнай апазыцыі ўсё большаў і большаў — галоўным чынам дзеля сумнеўнай палітычнай стратэгіі, якая аддавала перавагу правядзеньню палітычных зьменаў зьверху перад разьвіцьцём нізавых ініцыятываў.

Ці прайграе апазыцыя бітву за моладзь?

Гаворачы пра рэпрэсіўны характар лукашэнкаўскага рэжыму, мы павінны выразна ўсьведамляць, што яго апарат падаўленьня скіраваны амаль выключна на патэнцыяльна эфэктыўную антыўрадавую дзейнасьць у пэрыяд буйных палітычных кампаніяў, а таксама на тых грамадзян, якія спрабуюць данесьці «апазыцыйны вірус» да больш шырокіх сацыяльных слаёў. У астатніх адносінах культурнае і інтэлектуальнае жыцьцё Беларусі характарызуецца адноснай свабодай. Прынамсі, дзяржаўны кантроль над «апалітычнай» культурнай ды інтэлектуальнай дзейнасьцю ў недзяржаўным сэктары слабы. Іншымі словамі, жыцьцё ў сучаснай Беларусі далёкае ад затхлай і прыгнятальнай атмасфэры брэжнеўскага СССР.

Існуе цікавая аналёгія паміж палітычным кліматам у сёньняшняй Беларусі і Польшчы пачатку 1980‑х, пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча і забароны «Салідарнасьці». Польскія камуністычныя ўлады, трымаючы пад пільным наглядам чальцоў і прыхільнікаў «Салідарнасьці», у значнай ступені аслабілі свой кантроль у культурным і сацыяльным жыцьці. Такія двухаблічныя захады ў першую чаргу, відаць, былі закліканыя прадухіліць далучэньне да палітычнай дзейнасьці польскай моладзі ды ізаляваць апошнюю ад уплыву палітычнай апазыцыі. У 1980‑я раптам была зьнятая забарона на разьвіцьцё айчыннай рок‑музыкі, і стала намнога прасьцей атрымаць замежны пашпарт, каб выехаць за мяжу. Агульнай у той час была думка, што польскія камуністы сьвядома штурхаюць маладых людзей да пошукаў уцехі ў гарэлцы, сэксе, наркотыках і рок‑музыцы альбо да эміграцыі — замест уключэньня ў палітычнае ці грамадзкае жыцьцё.

Сучасны беларускі рэжым, як выглядае, імкнецца насьледаваць такому падыходу. Маладыя беларусы, якія хочуць арганізаваць сетку назіраньня за выбарамі, перасьледуюцца паводле артыкулаў Крымінальнага кодэксу аб тэрарызьме, у той час як уступленьне ў прадзяржаўны Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі прапагандуецца праз увесь час іх навучаньня і працоўнай дзейнасьці. У сваю чаргу, вядомыя беларускія рок‑музыканты, зьяўленьне якіх на радыё і тэлебачаньні раней было забароненае, нечакана запрашаюцца ў прэзыдэнцкую Адміністрацыю, дзе атрымліваюць прапанову аб «амністыі» наўзамен адмовы ад удзелу ў апазыцыйных мерапрыемствах.

Наколькі пасьпяховая гэтая выбарачная палітыка бізуна і перніка? Некаторыя сацыялягічныя дадзеныя ўскосна паказваюць, што, магчыма, даволі пасьпяховая. Паводле апытаньня, праведзенага ў сакавіку Незалежным інстытутам сацыяльна‑эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), які цяпер працуе ў Вільні, 64% беларусаў лічаць, што паляпшэньне эканамічнай сытуацыі ў іхнай краіне зьяўляецца больш важным, чым захаваньне незалежнасьці; 24% маюць процілеглае меркаваньне. Пры гэтым сярод рэспандэнтаў ва ўзросьце 18—29 гадоў гэтыя паказчыкі складаюць адпаведна 71% і 22%. НІСЭПД, які праводзіць грунтоўныя апытаньні грамадзкай думкі ў Беларусі двойчы ў год, робіць выснову, што гэтыя дадзеныя сьведчаць пра рост у беларускім грамадзтве «мэркантылізму» і «прагматызму» за кошт «патрыятызму».

Апазыцыя няспынна перасьцерагае, што палітыка Лукашэнкі прывядзе да эканамічнай, а затым і палітычнай анэксіі Беларусі Расеяй, але зьвесткі НІСЭПД паказваюць, што пераважная большасьць беларусаў не перажываюць з гэтай нагоды. Больш за тое, маладыя пакаленьні — сацыяльна больш мабільныя і лепш адукаваныя — здаецца, нават менш заклапочаныя лёсам нацыянальнай незалежнасьці, чым іхныя старэйшыя суайчыньнікі. Чаму?

Першым прыходзіць у галаву адказ, што Лукашэнку сапраўды ўдалося выгадаваць маладых прагматыкаў, якія больш турбуюцца пра свой страўнік, чым пра нацыянальны гонар. Па працяглым разважаньні даводзіцца таксама дапусьціць, што маладыя пакаленьні беларусаў, мабыць, ня лічаць магчымую страту незалежнасьці за Лукашэнкам, пра якую ўвесь час гаворыць апазыцыя, рэальнай пагрозай для сваёй краіны ці для сябе асабіста. Іх больш хвалюе эканамічны спад, актуальны сёньня для многіх грамадзтваў — як аўтарытарных, так і дэмакратычных. У любым выпадку, зьвесткі НІСЭПД — гэта кепская навіна для апазыцыі з пункту гледжаньня пэрспэктываў пашырэньня яе ўплыву сярод моладзі.

Патрэбна (як мінімум) новая мова

Чаму многія маладыя беларусы ўспрымаюць Лукашэнку як дабрадзея, а ня як тырана?

Перш за ўсё таму, што ён прапаноўвае моладзі нешта важнае і каштоўнае для яе ў абмен на палітычны канфармізм. Галоўнымі «падарункамі» рэжыму для маладых людзей зьяўляюцца бясплатная адукацыя, свабода перамяшчэньня (у тым ліку магчымасьць замежных паездак) і ўсё больш прывабныя пэрспэктывы працягу прафэсійнай кар’еры ў Беларусі, паколькі эканоміка павольна, але няўхільна перажывае «аўтарытарную» мадэрнізацыю.

Калі дзьве траціны беларусаў лічаць наяўную палітычную сытуацыю бясьпечнай і стабільнай, апазыцыі варта перагледзець свае палітычныя мэты — ці прынамсі сваю мову, — калі яна жадае захавацца як уплывовая палітычная група, не гаворачы ўжо пра здабыцьцё тых ці іншых рычагоў у сыстэме ўлады.

Мне здаецца, галоўнай перадумовай такога перагляду павінна стаць прызнаньне з боку апазыцыі, што Лукашэнка, пры ўсёй эксцэнтрычнасьці і дзікасьці яго палітычных манер і мовы, магчыма, усё ж закладае свайго роду падмурак, які перажыве яго праўленьне. Па сутнасьці, гэтым падмуркам зьяўляюцца палітычныя і эканамічныя інстытуты незалежнай дзяржавы. Прынамсі, цяпер ужо нікога ня трэба пераконваць, што сёньняшняя Рэспубліка Беларусь як мінімум ня горшая за ўчарашнюю БССР.

Калі такая пераацэнка адбудзецца, апазыцыйным партыям будзе прасьцей звыкнуцца з думкай, што барацьба за дэпутацкія мандаты ў мясцовых саветах або нацыянальным сходзе — ня менш важная справа, чым удзел у прэзыдэнцкай кампаніі. Беларуская апазыцыя можа паступова пазбавіцца ад сваёй палітычнай зьняверанасьці і паставіць сабе на службу таленты і энэргію ўсё больш прагматычных маладых пакаленьняў, якія хочуць лепшага жыцьця для сябе цяпер, а не для сваіх дзяцей і ўнукаў у прывіднай будучыні.

Ян Максімюк

Ян Максімюк — аналітык і эсэіст. Нарадзіўся на Беласточчыне, этнічны беларус. Жыве ў Празе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0