У Мсціславе 24 верасня праходзіць абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2016». У пачатку гэтай падзеі двум гарадскім вуліцам вернутыя гістарычныя назвы.

nlb.by

Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч, цяпер у гістарычнай частцы Мсціслава з'явіліся вуліцы з ранейшымі назвамі — Кармеліцкая (былая Першамайская) і Пірагоўская (былая Урыцкага). Акрамя таго, раённыя ўлады назвалі плошчу ў цэнтры горада імем Пятра Мсціслаўца. Раней яна не мела назвы.

Згодна з праграмай фестывалю, сёння ў горадзе праходзяць святочныя набажэнствы, у тым ліку асвячэнне рэканструяванай Свята-Траецкай царквы. Акрамя таго, напярэдадні «Дажынак-2016» у Мсціславе з'явіліся аб'екты ў стылі драўлянага сярэднявечнага замка з элементамі музеефікацыі. «Ужо завяршаюцца работы па ўзнаўленні вежы «Данжон», дзе размесціцца музейная экспазіцыя пад умоўнай назвай «Дрэва жыцця». Ідэя гэтай экспазіцыі — сабраць экспанаты, вырабленыя з дрэва. А такіх экспанатаў шмат — пачынаючы ад берасцяной граматы, знойдзенай у Мсціславе, і заканчваючы прадметамі побыту жыхароў гэтых мясцін», — сказаў начальнік абласнога ўпраўлення ідэалогіі.

Паводле яго слоў, побач з гэтай вежай адноўлены будынак, які дазволіў зрабіць больш прэзентабельным для агляду месца раскопак горада XII стагоддзя. «Там жа плануецца выставіць археалагічныя артэфакты, знойдзеныя менавіта на Замкавай гары і на тэрыторыі Мсціслава. Дарэчы, гэты праект удалося рэалізаваць дзякуючы ўніверсітэту імя Куляшова — яго выкладчыкам і студэнтам», — адзначыў Кунцэвіч.

Ён таксама падкрэсліў, што побач са Свята-Траецкім храмам для агляду адкрыты элемент старой Мсціслаўскай маставой XIX стагоддзя. Такія маставыя, выкладзеныя чырвонай цэглай, рабілі ў свой час у Галандыі.

Да «Дажынак» у Мсціславе праведзены работы і па рамонце фасада кармеліцкага касцёла Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?