president.gov.by

president.gov.by

Выбегла ўчора ў краму, і на выхадзе з двара бачу, як хлопец цуды маніпуляцыі са сродкамі сувязі дэманструе — у адной руцэ рацыю трымае, а другой на мабільным тэлефоне нешта набіраць спрабуе. Прайшла пару метраў па праспекце — яшчэ двое з рацыямі. На выхадзе з крамы — яшчэ двое.

Агледзелася я па баках — ды проста Джэймсы Бонды на выпасе, і па адзін бок праспекта Незалежнасці, і па іншы; дзе купкай стаяць, дзе па адным — з выглядам чалавека, які раптам забыўся, куды ішоў.

— А што гэта тут у нас адбываецца? — пытаюся.

Высветлілася — пакатушкі. Аляксандр Рыгоравіч з сямейнікамі мелі ласку стаць байкерамі. І ездзілі па Менску туды-сюды ў складзе трохтысячнай калоны матацыклістаў. Усюды ахова, усюды Джэймсы Бонды, усюды рацыі нешта тонам загада выкрумкваюць — то бок, і начальства пры працы.

І тут прыпомніла я, што ў нашай краіне ёсць закон, згодна з якім праца міліцыі, медыкаў, МНС, прыбіральшчыкаў на масавых акцыях недзяржаўнага значэння павінна аплачвацца арганізатарамі. А фестываль байкераў — гэта ж не парад у гонар Дня незалежнасці, не «Славянскі базар» і нават не «Дажынкі». Іншымі словамі, закон — акурат пра іх.

Падняла я свае старыя запісы, і нават расцэнкі на такія мерапрыемствы знайшла. Вось, напрыклад, калі арганізатары хочуць правесці пікет з удзелам 10 чалавек, то трэба аплаціць працу пяці супрацоўнікаў міліцыі. «Пагадзінныя расцэнкі» на міліцыянтаў атрымлівалі актывісты ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, тарыфы не сакрэтныя, яны стандартныя. Праца афіцэра міліцыі каштуе дзесьці $ 4 ў гадзіну, праца шарагоўца з ДПС — 3. Але гэта калі яны проста на месцы стаяць, за пікетам прыглядаюць ды начальству косткі абмываюць. Гэта без выездаў-раз'ездаў, выдаткаў на бензін і амартызацыю.

Лічым: тры тысячы байкераў — гэта 1,5 тысячы задзейнічаных супрацоўнікаў міліцыі. І нават калі палова з іх былі «высокааплатнымі», а другая — «натроечку», то гэта $ 3000 плюс 2250. Разам: $ 5250 за адну гадзіну. Згодна з праграмай байкерскага фестывалю, у 11. 00 яны збіраліся на Кургане славы, у 14.00 — ля Палаца спорту, гэта значыць з 10 раніцы да 15.00 мінімум міліцыя была задзейнічаная «магутнымі сіламі».

Памнажаем. І атрымліваецца, што аплата толькі міліцыі за эфектны праезд «байкера нумар адзін» па Менску на чале калоны матацыклістаў павінна скласці больш за $ 26 тыс.

А яшчэ ж было паказальнае выступленне перад байкерамі супрацоўнікаў ДАІ… А яшчэ дзеля байкераў былі перакрытыя цэнтральныя праспекты Менску — вы ўяўляеце, колькі б каштавала, напрыклад, кіношнікам перакрыць праспекты еўрапейскай сталіцы? А яшчэ мы не палічылі аплату працы медыкаў, пажарнікаў, камунальных службаў…

Так што фестывалі, матацыклы, сямейныя хобі, — гэта ўсё вельмі добра. Але байкерскі фестываль гэта не дзяржаўнае мерапрыемства.

Закон у нас адзін для ўсіх, а значыць, трэба плаціць. Калі МУС нават з жадаючых правесці пікет супраць беднасці грошы здзірае, то вельмі цікава, які каштарыс беларуская міліцыя выставіла вершнікам на матацыклах?

Вось літаральна ў бліжэйшыя дні хачу пачуць ад міністра МУС Ігара Шуневіча, які дзіцячы дом ашчасціць яго ведамства буйным грашовым пераводам мінімум на паўсотні тысяч даляраў. А калі грошай няма або сума сімвалічная, то гэта … крымінальная справа. Супраць міністра ці супраць начальніка сталічнай міліцыі — гэта ўжо няхай КДБ разбіраецца. А калі яны не змогуць — то проста абавязаны ўмяшацца наш галоўны змагар з карупцыяй.

Бянтэжыць толькі, што менавіта ён і ехаў на чале калоны…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?