Неяк перад ІІ сусветнаю вайною Зосі Бэлтушцы, якая жыла ў вёсцы на Віленшчыне, раптоўна забалеў жывот. Балела вельмі моцна, што бедная Зося аж курчылася. Калі яе паглядзеў лекар, то сказаў, што яна будзе неўзабаве нараджаць.

— Чаго, — утаропілася Бэлтушка, — чаго нараджаць? Мне жывот баліць.

Гэтак на свет прыйшоў адзін з герояў рамана «Палын-палын» Ёська Гарох — незаконнанароджаны сын беларускай вяскоўкі, падманутай віленскім аферыстам.

Раман «Палын-палын» — першы буйны празаічны мастацкі твор Зянона Пазняка, які хоць і пісаў раней мастацкія нарысы ды абразкі, спрабаваў сябе ў вершаскладанні, быў больш вядомы сваёй публіцыстыкай.

Кніга Зянона Пазняка «Палын-палын»

Кніга Зянона Пазняка «Палын-палын»

Вясковы бязбацькавіч, у якога войска забрала тоеснасць

Ёська, пра якога піша Зянон, ніколі не бачыў свайго бацькі і рос на лес гледзячы. Хадзіў у школу, але вучыцца не любіў, час бавіў, залазячы на дрэвы і галёкаючы.

Хлопец быў хуліганам, любіў пабіцца, дачапіцца да людзей, але вельмі істотна змяніўся пасля службы ў войску — цалкам перайшоў на расейскую мову ды ўвесь час сыпаў завучанымі фразамі пра «пабудову камунізму». Пасля войска маладзён пастанавіў усімі сіламі рабіць сабе кар'еру ў камуністычнай сістэме, не грэбуючы супрацай з КДБ ды марачы пра высокае званне ў гэтай службе.

Гэтак у вобразе Ёські Гароха, які пазней нават зменіць прозвішча на Горахаў, Зянон Пазняк абагульніў свой досвед пра шмат якіх маладых беларусаў, якіх цалкам ламала савецкае войска, змушала іх саромецца матчынай мовы ды рабіла ворагамі ўсяго беларускага. Сваё змаганне з беларушчынай Ёська працягнуў з новаю сілаю, закончыўшы партыйную школу.

Людзі з Вялікім Княствам у сэрцах

Праўда, як паказвае Зянон Пазняк у рамане, былі ў часы БССР і вялікія беларускія патрыёты, «людзі з Вялікім Княствам Літоўскім у сэрцах». Гэтак Зянон Пазняк паказвае ў сваім рамане, што хай схавана, непрыкметна на першы погляд, патаемна, але нават пры карнай камуністычнай сістэме ў думках шмат якіх людзей жыла вольная Беларусь, ішло змаганне на нябачных франтах. Гэтыя людзі захапляліся беларускай культурай, пры самай жорсткай русіфікацыі размаўлялі па-беларуску ды нават друкавалі самвыдатам патрыятычную літаратуру.

Паказваючы невядомыя старонкі беларускага руху ў савецкія часы, Зянон Пазняк, як мне падаецца, працягвае справу Уладзіміра Караткевіча, які ў «Каласах пад сярпом тваім» па-мастацку распавёў пра змаганне беларусаў за вольнасць Бацькаўшчыны ў часы Кастуся Каліноўскага. «Палын-палын» натхняе, дадае сілы, веры і надзеі — калі рух за вольную Беларусь, цягнучыся ад Каліноўскага, не спыняўся нават у савецкія часы, то мы тым больш не можам дапусціць, каб ён згас і цяпер, калі набірае шалу ды агрэсіі «русский мир».

Караткевічавага Алеся Загорскага нагадвае сваёй высакароднасцю, летуценнасцю ды вялікай любоўю да роднай зямлі Рамук Шляхта з раману «Палын-палын». Рамук — партыец, чалец КПСС, але і вялікі беларускі патрыёт. Ён, як і яшчэ некаторыя героі раману, трымаецца погляду, што трэба фармальна заставацца ў партыі, каб дзякуючы гэтаму чыніць добрыя справы ды спрыяць беларушчыне. Адкрытае супрацьстаянне выклікала б толькі непатрэбныя рэпрэсіі ды тое, што беларусаў замянілі б на кіроўных пасадах людзьмі Крамля.

Як і ў Караткевіча, які паказваў барацьбу шляхты за вольнасць сваёй старонкі, беларускія дзеячы і патрыёты ў часы СССР — гэта перадусім нашчадкі старых шляхецкіх родаў. Пры гэтым для аўтара, як падаецца, важнае не само па сабе паходжанне, а шляхетнасць душы — пачуццё годнасці, адказнасці, сумленнасць ды справядлівасць у людзях. Менавіта з гэтай прычыны пазітыўны герой Рамук Шляхта перадусім носіць сваё гаваркое прозвішча.

Раман — гэта рэальная гісторыя беларусаў

«Палын-палын» — гэта мастацкая проза, але ў некаторых героях вельмі лёгка распазнаюцца рэальныя асобы. Гэтак прататыпам гісторыка Яўгена Ермаковіча, які спатыкаўся з патрыятычнай моладдзю, студэнтамі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, ды расказваў ім пра мінуўшчыну Беларусі, безумоўна, стаўся слынны гісторык Мікола Ермаловіч, які трагічна загінуў пад коламі аўтамабіля.

Прататыпам аднаго з герояў — Антося Бальцэвіча — трэба меркаваць, стаўся мастак Лявон Баразна, актывіст захавання беларускай гістарычнай і культурнай спадчыны ў БССР. У 1972 Баразна рыхтаваў публічную акцыю пратэсту супраць разбурэння Нямігі. 15 жніўня 1972 у старым горадзе ў Менску ён кінуўся на вуліцы ратаваць жанчыну, на якую напалі бандыты. Кабета імгненна знікла, а Лявона забілі нажом. Пазней стала вядома, што забойцы Лявона Баразны — два сыны палкоўніка КДБ Міхаіла Золатава, начальніка аховы Дому ўраду ў Менску. Злачынцаў вызвалілі па амністыі неўзабаве пасля суда.

Апісаная ў рамане суполка студэнтаў-патрыётаў «Вышыня» мела таксама адпаведнік у рэальнасці — апазіцыйны асяродак «На паддашку» ў мастэрні мастака Яўгена Куліка, куды ў свой час прыходзіў Зянон Пазняк, Алесь Разанаў, Алесь Марачкін, Міхась Чарняўскі ды іншыя.

Твор, які змушае працаваць мазгі

У рамане «Палын-палын» Зянон Пазняк выяўляе сябе як філосаф, разважаючы вуснамі сваіх герояў пра беларускі характар, да прыкладу, пра самую станоўчую і самую дадатную рысу нашага народу.

«Цярпімасць і павага да ўсіх людзей, незалежна ад паходжання» — гэткая самая вялікая цнота беларусаў, адзначае герой твора Рамук Шляхта.

Самая ж вялікая загана вынікае з цноты — беларус «чужых ставіць вышэй за сваіх», а з гэтым звязана і тое, што беларусы пры любых рэжымах і ўладах «здавалі» перадусім сваіх, можам мы прачытаць у кнізе.

«А я сваім розумам думаю, што трэба так: паважаць сябе, шанаваць сваіх і бараніць сваіх перад чужымі. Вось і ўся філасофія. А здраднікаў трэба чысціць. Злодзею можна прабачыць, ашуканцу-круцялю, ды шмат каму, але здрадніку — не. Здраднік — гэта забойца нацыі», — кажа старшыня калгасу і беларускі патрыёт Рафал Рубайла.

Вуснамі іншага героя — партыйнага дзеяча Аляксандра Равіча — Зянон Пазняк распавядае, да прыкладу, пра камунізм, як толькі форму рэпрэсіяў, а зусім не сутнасць савецкага часу: «… Пакуль будзе існаваць Масква і Расея, датуль галоўным для нас (для ўсіх нас) будзе Беларусь, беларусы і беларуская мова. Усё астатняе ідзе потым. Такая логіка гэтай нашай цывілізацыйнай вайны з Масквой. Камунізм тут не сутнасць. Так сабе, форма імперыі і метад рэпрэсіяў іншых народаў… Расею ніхто ніколі не перайначыць…»

Раман пра жыццё, а ў жыцці ёсць і смех

Акрамя сур'ёзных тэмаў ёсць месца ў рамане і гумару, здаровай іроніі. Апісваючы мядовы месяц студэнтаў-мастакоў Антося і Людвісі Бальцэвічаў, аўтар падкрэслівае, што «ад шчасця яны нібы прыдурэлі і голасна выяўлялі свой стан кахання і захаплення. Людка ў сваім стылі лямантавала нібы ў лесе: «А-ёй-а-я-ёй, ой-ой, ах-ах, ох-ох» (Ну як тут ні крычаць, калі само крычыцца)». Любошчы маладых скончыліся аднаго разу тым, што з грукатам зламаўся ложак і яны ўдваіх скаціліся на падлогу. «Гэта як удар Пяруна сярод ночы».

Раніцай ім грукала ў дзверы суседка знізу: «У вас совесць есць? Вы што, лашадзей туда завелі? Ілі ў вас іпадром?»

Трэба сказаць, што ў рамане даволі шмат трасянкі, на якой размаўляюць перадусім адмоўныя персанажы, але трасянка ўся дублюецца беларускай моваю ў зносках унізе старонкі.

Чаму «палын»?

Што датычыць назвы рамана, то, бадай, сімвал палыну стаўся асабліва вымоўным для беларусаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, бо чарнобыль — гэта іншая назва палыну ў беларускіх гаворках. Палын — гэта таксама горкі лёс, цяжкая чалавечая доля, як у Зосі Бэлтушкі, ад якой адрокся родны сын, бо хацеў быць партыйным начальнікам і жыць без вясковых успамінаў.

Палын — гэта таксама водар свабоды, які не можа быць салодкі, бо «за волю кладуць галаву».

Адзіны мінус рамана — гэта наклад усяго 200 асобнікаў, выдадзеных за кошт самога аўтара. Хочацца спадзявацца, што Зянон зноў парадуе нас новай мастацкай прозай, бо гэтым раманам ён толькі нарабіў смаку. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?