Марыя Мартысевіч піша пра новую кнігу Сяргея Прылуцкага: Сяргей Прылуцкі. Дзевяностыя forever (бібліятэчка часопісу «Дзеяслоў»). Менск: Медысонт, 2008.

Паэт, які пачынае свой самы лірычны тэкст радком: «Дзяўчына падобная на экскаватар», – і прымушае рэдактараў расстаўляць кропачкі ў безьлічы словаў, ад чаго ў выніку робіцца няясным, «засЦаны» ён, гэты сьвет паэта, ці «засРаны»... Ён прыйшоў у літаратуру, каб эпатаваць і весяліць, каб адцяніць Велічнае і Вечнае трэшавым калярытам пралетарска-памежнага Берасьця і ўласным наркатычна-алькагольным досьведам. Гэтую ісьціну данясе да вас любы кваліфікаваны выкладчык белліту. Я крыху паразважала і ўсё-ткі вырашыла папярэдзіць, што з кнігай вершаў Сяргея Прылуцкага «Дзевяностыя forever» ўсё нашмат сур’ёзьней, чым здаецца на першы погляд.

Калісьці, у тых самых вечных дзевяностых, у паветры вісела пытаньне: «Што пасьля постмадэрнізму?» Эпоха постмадэрну здавалася канцом усяго, а постмадэрнізм – адзіным, што наканавана актуальнай літаратуры. Заўважна, што як паэт Сяргей Прылуцкі пачаўся яшчэ тады. Іронія, слоўныя гульні, адсылкі да шанаваных ім клясыкаў усясьветнай літаратуры – гэтаму ўсяму Прылуцкі-пачатковец напоўніцу аддаецца сьледам за раньнім жа Андрэем Хадановічам, які, мяркуючы па добрай траціне вершаў зборніка, поруч з украінцамі Юрыем Андруховічам і Сяргіем Жаданом – яго старэйшы брат-растафарыян у постмадэрністычным манастыры паэзіі (а можа, і сам ігумен). Хоць вэрсыфікуе і калямбурыць Прылуцкі менш рафінавана, чым папярэднікі. Фармаліст Хадановіч памрэ за дакладную рыфму; Прылуцкі наўмысна робіць свае тэксты шурпатымі, як наждак. Ці ня ў кожным яго рыфмаваным вершы спатыкнешся аб кансанантную рыфму: «дворыкі крамаў сны малалетніх лярваў сьляпое РБ дзевяностых амнэзія нэрваў». Асабліва часта ўжываны і ад таго занудны прыём Прылуцкага – пералік. Часам здаецца, што некаторыя вершы можна скарыстоўваць як дапаможнік па складаньні крыжаванак – столькі экзатызмаў з супадаючымі складамі і літарамі ў іх напхана: «піць грапу, ня ведаць грыпу, грэць дупу ва ўласным джыпе».

Самая выразная рыса паэтыкі Прылуцкага – алюзійнасьць. Яго каронны жанр – рымэйк. Але, перарабляючы сваіх «сьвятых патронаў» (свае «сьвятыя патроны»?) – Рыльке, Одэна, Фроста, Бродзкага, Гербэрта ды іншых, – Прылуцкі не іранізуе. У стаўленьні да куміраў ён сур’ёзны і ўрачысты. Тут мы пачынаем заўважаць першыя сымптомы пераадоленьня постмадэрнізму.

Некалькі гадоў пасьля заканчэньня гістфаку Прылуцкі працаваў рабочым на берасьцейскім заводзе «Гефэст». Ці не адсюль – цяга да антычных матываў? Дакладней, да іх зьмяшаньня з брутальнай беларускай рэчаіснасьцю?

І чамусьці згадваеш рымскія пляцы, афінскі форум,

але тут не сустрэнеш філёзафа ў тозе, атлета ў позе.

Як відаць з апытаньняў й статыстыкі, у гэтым годзе

разрастуцца калгасы, нэкропалі і падаткавыя канторы.

Можна абагульніць: лірычны герой кнігі «Дзевяностыя forever» – Арфэй, якому навакольная рэчаіснасьць здаецца Аідам, і ад таго яму карціць перакваліфікавацца ў Адысэя. Але, як мы памятаем, Адысэю наканавана вярнуцца на Ітаку. І Арфэй-Прылуцкі вяртаецца – з Кракава, Львова, Рыгі, – «у цёмныя сутоньні часу, ў неасьветленыя далячыні». Правінцыя – яшчэ адзін выразна антычны элемэнт кнігі Прылуцкага, няхай фарбы для яе жывапісаньня паэту дае сучаснасьць:

Людзі з маленькіх правінцыйных мястэчак

засынаюць па дозе вячэрніх навінак.

На вячэру ў іх каша, гарбата, булка, варэньне з парэчак.

Некаторыя зь іх пераможцы мясцовых дажынак.

На прэзэнтацыі сваёй кнігі ў Менску Прылуцкі назваў свае вершы «генэрацыйнымі». Маўляў, яго мэтаю было адлюстраваць сваё пакаленьне і яго час. Час, які спыніўся ў Беларусі тады, у дзевяностых, у яго (нашым) постсавецкім дзяцінстве. Але дзевяностыя – далёка не назаўсёды. Інакш чытаць дэбютную кнігу Прылуцкага было б проста нецікава. Вершы ўпарадкаваныя па цыклях, але ўсё адно заўважна, што «Дзевяностыя forever» выразна распадаюцца на дзьве першыя кнігі паэта: першую першую і другую першую. Другая вабіць мяне значна болей.

Чым далей ад дзевяностых, тым адказ на пытаньне: «Што пасьля постмадэрнізму?» – відавочнейшы. Прылуцкі таксама дае гэты адказ. У прыватнасьці, адным з праграмных вершаў пад назвай «11-е прыказаньне». Адказ – ня ў зьмесьце вершу (лірычны герой назірае, як пралетарыят, што насяляе яго стары панэльны дом, займаецца звыклымі вечаровымі справамі) і нават не ў яго фармальных асаблівасьцях (вэрлібр) а ў яго патасе: «...што б ні казалі апосталы бацькі альбо твой участковы, забудзь усе запаведзі і пастарайся палюбіць гэты кашмар».

Літаратура стамілася перажоўваць саму сябе. Яна разарвала заганнае кола самацытацыі, пазбылася іроніі дзеля іроніі, вырашыўшы: пляваць, што ўсе новыя ісьціны – гэта добра забытыя старыя. Яны патрэбныя чалавецтву тут і цяпер, у абноўленым выглядзе, – і таму трэба прадукаваць іх. І літаратары прадукуюць, уступаючы, разам з усім чалавецтвам, у культурную сытуацыю «новачасься» – «нью эйджу».

Яе прыкметы – эмацыйнасьць, шчырасьць і пэрманэнтны стан прадчуваньня другога прышэсьця. У дэструктыўных сэктаў пакралі іх рыторыку. Сучасныя паэты зракліся паэтыкі папярэднікаў, але запазычылі ў іх сёе-тое іншае: яны зноў сталіся прарокамі. Верш Прылуцкага «Vigilia» – ня простая інтэрпрэтацыя «каляднага» топасу. Гэта – новае візіянэрства:

кожны сьнежань перад калядамі

жыцьцё нібыта робіцца сьвятлейшым

быццам сьвяты Пётр прыадчыняе сваю браму

і райскія промні кранаюцца нашых твараў

і тады верталёты падаюцца ўкормленымі анёламі

што патрулююць паветраныя калідоры

а неба – бясконцым сюррэалістычным фільмам

Эмацыйнасьць – тэарэтычная база ня толькі распаўсюджанай цяпер моладзевай субкультуры; шчырасьць – творчы мэтад не аднаго звышпапулярнага расейскага пісьменьніка Яўгена Грышкаўца. На вокладцы кнігі Прылуцкага – звычайная, здавалася б, рэч: аўтограф вершу. Але – звычайная яшчэ тады, у дзевяностых. Цяпер, калі вершы ўсё часьцей пішуцца адразу ў файл кампутара і трапляюць да чытача ў электронным выглядзе (у выпадку Прылуцкага – праз блог аўтара), пісаньне ад рукі ўспрымаецца як нешта неверагодна інтымнае, кранальнае і шчырае. Акурат адпаведнае радкам, якія ад рукі запісаў Прылуцкі:

дзяўчына не падобная на швайцарскі гадзіньнік

у яе наагул пашкоджаны мэханізм

але ты безь яе ня можаш, хаця і цынік

але ты кахаеш яе хоць гэта і атавізм

і ў гэтыя хвілі вы пляшка гарэлкі і колы

вып’еш адну – і зьнікае патрэба ў другой

калі ты стаіш перад ёй абсалютна голы

яна мусіць таксама быць чыстаю перад табой

Бадай, самы любімы мой кірунак у мастацтве – маньерызм. У падручніках яго характарызуюць як нешта пераходнае, – барока, якое пакутліва прарастае з рэнэсансу. Вонкава гэта выглядае... незразумела. Сапраўды патасна ды манэрна. Але самыя моцныя эстэтычныя перажываньні са мной здараліся, калі я трапляла ў маньерыстычныя інтэр’еры. Мэтад Прылуцкага па сваёй сутнасьці блізкі да маньерызму. Штосьці старое (постмадэрн?) скончылася, штосьці новае (нью-эйдж?) яшчэ не нарадзілася, але вось-вось народзіцца. Калі радзіма расколваецца напалову, шчыліна праходзіць праз сэрца паэта – сказаў калісьці Гётэ (яшчэ адзін «сьвяты патрон» Прылуцкага). «Дзевяностыя forever» натхняюць на рымэйк клясыка: калі краіна застывае ў бясчасьсі, сэрцу паэта не застаецца нічога іншага, як узяць на сябе функцыю мэтранома.

Siarhiej Prylucki. 90s Forever
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?