Сёння Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком ваенна-прамысловага комплексу Сяргеем Гурулёвым. 

З гэтай сустрэчы БелТА прыводзіць толькі сціслае паведамленне пра цікавасць Лукашэнкі да стану рэчаў у ВПК, фінансавых пытанняў і перспектыў развіцця. 

Канкрэтыкі няма ніякай, што дзіўна пры ўседзяржаўным гонары за поспехі ведамства — «Паланэзы», напрыклад, ці новую сістэму спадарожнікавай сувязі і вяшчання на кітайскім носьбіце.

Таксама, як нам стала вядома, літаральна сёння Гурулёў вылятае ў складзе прэзідэнцкай дэлегацыі ў Кітай — размова паміж ім і Лукашэнкам адбудзецца і без афіцыйнага прыёму. 

Але што яны абмяркоўвалі афіцыйна? 

Лукашэнка і Гурулёў, ілюстрацыйнае фота

«Наша Ніва» спыталася думкі эксперта ў ваеннай сферы Аляксандра Алесіна. 

«Паведамленне пра сустрэчу Лукашэнкі і Гурулёва напярэдадні вылету ў Кітай можа мець на мэце, з аднаго боку, раздражніць Расію. Гэта як бы напамін, што вось вы нам не хацелі дапамагаць, а кітайцы дапамаглі — і цяпер мы маем уласны ракетны комплекс. Гэта дыпламатычная гульня: мы паказваем, што маем магутнага хаўрусніка, хаўрусніка ў ваеннай сферы, які таксама, як і Расія, з'яўляецца сябрам Рады Бяспекі ААН і ў выпадку чаго можа сваім правам «вета» заблакаваць любыя антыбеларускія ініцыятывы (санкцыі), калі Расія не захоча нас абараняць», — сказаў Алесін. 

Таксама ён думае, што гаворка магла ісці пра прадпрыемствы ВПК, якія Расія доўга і настойліва хоча прыватызаваць. 

«Расіяне часта робяць нясціплыя прапановы аб продажы нашага «залатога запасу», які не мае аналагаў у самой Расіі. Перадусім гэта завод колавых цягачоў, «Інтэграл», «Пеленг» таксама іх вельмі цікавіць, «558 авіярамонтны завод». Магчыма, яны намякаюць, што за пэўныя саступкі ў пытанні продажу могуць быць зменшаныя газавыя патрабаванні, спісаныя даўгі. Думаю, Лукашэнка высвятляў рэальны стан рэчаў — што там расіяне прапануюць, на якіх умовах. Але тут пытанне, ці пойдзе на гэта Лукашэнка. Пасля ягоных нядаўніх крытычных заяў гэта было б стратай твару. Але на крайні выпадак можа быць і такі варыянт, сітуацыя ў нашай эканоміцы далёкая ад бліскучай», — дадаў Алесін і падкрэсліў, што айчынны ВПК працуе вельмі прыбыткова і за год ужо нарасціў экспарт на 20%. Маўляў, у нашай краіне яшчэ заведзена, што паспяховыя галіны «дзеляцца» сваімі грашыма з менш удалымі. 

Апроч гэтага, на думку эксперта, відавочна, што гаворка вялася пра перспектывы беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы. 

«Пытанне «Паланэзаў» — гэта тое, што нас вельмі цікавіць. Гучалі абяцанні, што будзе створаная новая мадыфікацыя, радыусам амаль да 300 кіламетраў. Схема вядомая — наша электронная начынка і колавая база, і элементы кітайскага ракетнага паліва, якога ў нас няма. Кааперацыя працуе на два бакі — мы прадалі кітайцам ліцэнзію, і ў выніку яны зрабілі ўласны ракетны транспарцёр для рухомых грунтовых ракетных комплексаў сярэдней і стратэгічнай адлегласці, а мы маем «Паланэзы». Таксама Лукашэнка дзеліцца з кітайцамі ваеннымі некалі сакрэтамі СССР», — скончыў сваю думку эксперт. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?