Дакумент аб бязвізавым уездзе ў Беларусь для грамадзян краін, бяспечных у міграцыйным плане, можа набыць моц ужо сёлета, паведаміў 26 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.

«Я не раз браў удзел у абмеркаванні бязвізавага пытання, — сказаў ён. — Гэтую пазіцыю вельмі актыўна падтрымліваюць Міністэрства эканомікі, МЗС, Міністэрства спорту і турызму. Ёсць некаторыя сумненні з боку сілавых ведамстваў, што натуральна, бо гаворка ідзе пра бяспеку краіны. Але разам з тым дакумент знаходзіцца ў высокай ступені гатоўнасці. Мяркую, што ён набудзе моц сёлета».

Партной лічыць, што дзве асноўныя прычыны, з-за якіх у Беларусь не трапляюць вялікія грошы ад турызму, гэта візы і адсутнасць інфраструктуры. Дакумент, які адмяняе візы, павінен вырашыць першую праблему.

Як паведамлялася, летам Мінспорту, МЗС і Мінэканомікі ініцыявалі ўвядзенне бязвізавага рэжыму да пяці дзён знаходжання для замежных грамадзян, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. У спісе 80 краін.

На сёння ў Беларусі адмененыя візы для турыстаў, якія наведваюць Белавежскую пушчу, Аўгустоўскі канал. Бязвізавы рэжым працуе для грамадзян Ізраіля, Катара, ААЭ і Кітая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?