На свет з'явілася першае дзіця, для зачацця якога былі задзейнічаныя ДНК трох чалавек, паведамляе часопіс New Scientist.
Цяпер немаўляці Абрахіму Хасану пяць месяцаў: у яго клетках ДНК трох чалавек — яго маці, бацькі і донара.
Генетычны матэрыял донара павінен дапамагчы дзіцяці пазбегнуць атрымання ў спадчыну генаў маці, якія могуць прывесці да развіцця хваробы. Лекары лічаць, што гэтая методыка адкрывае новую эру ў медыцынскіх даследаваннях і можа дапамагчы многім іншым сем'ям з падобнымі сітуацыямі.
Бацькі дзіцяці родам з Іарданіі. Маці дзіцяці з'яўляецца носьбітам сіндрому Лея — гэта захворванне цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека. Пры гэтым сама яна здаровая, але праз генетычную мутацыю ў яе загінула ўжо двое дзяцей.
Парламент Вялікабрытаніі летась ухваліў адну з тэхнік зачацця, у якой могуць удзельнічаць тры чалавекі. Падчас яе апладняюцца адразу некалькі яйцаклетак, а некаторыя эмбрыёны знішчаюцца. Аднак мусульманская пара адмовілася ад выкарыстання гэтай тэхнікі па рэлігійных меркаваннях.
У выніку муж і жонка звярнуліся да навукоўцаў з Цэнтра па лячэнні бясплоддзя «Новая надзея» ў Нью-Ёрку, дзе працуюць лекар Джон Чжан і яго каманда.
Навукоўцы распрацавалі новы метад апладнення, які прадугледжвае перанос ядра клеткі. Навукоўцы вынялі ядро з яйцаклеткі маці і перанеслі яго ў яйцаклетку донара, з якой таксама было выдаленае ядро. У выніку, у іх атрымалася яйцаклетка з ДНК маці і мітахондрыямі донара. Менавіта ў мітахондрыі ўтрымліваюцца ДНК, якія пераносяць сіндром Лея. Затым навукоўцы апладнілі новую клетку спермай бацькі.
Было атрымана пяць эмбрыёнаў, толькі адзін з якіх развіваўся нармальна. Яго ў выніку і падсадзілі да маці. Дзіця нарадзілася праз дзевяць месяцаў.
Гэты метад пакуль яшчэ не быў ухвалены ў ЗША, таму для ажыццяўлення аперацыі амерыканскія навукоўцы з'ехалі ў Мексіку.
У свеце цяпер жыве каля 30-50 чалавек, народжаных з яйцаклетак, у якія былі перасаджаныя мітахондрыі ад трэцяй асобы. У ЗША ў 1990-х гадах праводзіліся падобныя эксперыменты па лячэнні бясплоддзя. Затым гэтыя метады былі забароненыя, бо некаторыя дзеці пакутавалі на анамаліі генетычнага развіцця.