«Вёска за Лукашэнку», — безнадзейна махаюць рукой у горадзе. Вяскоўцы адказваюць: «У горадзе пэнсіянэры й бюджэтнікі за Яго… Мы — палова на палову». Пэнсіянэры ў асноўным «за», маладзейшыя — «супраць».

У Малым Сітне й Алёшчы пражывае 400 выбаршчыкаў. За чатыры месяцы «хіміі» мне давялося размаўляць «пра палітыку» больш чым з 50-цю, прычым як з рабочымі лесапункту, так і пэнсіянэрамі. Вынік агаломшыў: большасьць рэжыму не падтрымлівае. Тры зь пяці або будуць галасаваць супраць, або ня пойдуць на выбары. Прыхільніцы Лукашэнкі — гэта бабулькі за 60 гадоў.

Сярод працуючых мужчынаў, моладзі, кабет сярэдняга веку тых, хто абараняў бы «ўсенароднаабранага», за чатыры месяцы я не сустрэў ніводнага. Надоечы пачуў па тэлевізіі ад самога Аляксандра Рыгоравіча пра больш як 90% падтрымкі ў вёсцы. Ня веру!

Іншая рэч, што падтрымка апазыцыі тут таксама слабая: на дэмакратаў спадзяецца кожны дзясяты. Але гэта праблема апазыцыі.

Уяўленьне пра вёску як пра беларускую Вандэю — суцэльнае электаральнае поле Лукашэнкі — найвялікшы міт нашае палітыкі.

Штабялёўшчык з Расоншчыны ніколі не галасаваў за Лукашэнку: той не вытрымлівае ніякага параўнаньня з Машэравым.

Маці дваіх дзяцей з Алёшчы ня хоча яшчэ пяці гадоў інтэграцыі з Расеяй, бо баіцца, каб ейных хлопцаў не забралі на Каўказ.

Сіценскі раскрыжоўшчык мае традыцыю ў выбарчы дзень прападаць у лесе ў ягадах — бо ўсё роўна нарысуюць столькі, колькі трэба.

Жонка вадзіцеля з Малога Сітна, які мае спадарожнікавую антэну й ведае, як жывуць за мяжой, шкадуе, што вяскоўцы ня ведаюць сваіх правоў, а то б даўно памянялі ўладу.

Тутэйшы лесаруб, які з тэлевізара чуе пра 250 даляраў заробку і чый бацька зь Мёраў усё жыцьцё кляў камуністаў, кажа, што «рана ці позна наша возьме».

Элегантная перамога ў вёсцы дастаецца Лукашэнку тады, калі дэмакраты не агітуюць людзей, расчараваныя выбаршчыкі асуджана ставяць птушчаку «супраць усіх» або не ідуць на ўчасткі, а камісія спакойна лічыць усё «як трэба».

Мы сур’ёзна недаацэньваем перавагі камунікацыі ў вёсцы. Калі на пад’ездах двухсоткватэрнага панэльнага дому ў горадзе з тымі ж чатырмастамі выбаршчыкамі наклеіць улёткі — па іх абыякава сьлізгануць позіркам некалькі жыхароў і зьдзярэ работнік органаў. Калі ж гэтыя 7—10 улётак будуць расклеены па вясковых «прысутных месцах» — уся вёска тыдзень будзе пераказваць і абмяркоўваць іх зьмест. У тутэйшым інфармацыйным вакуўме, у адрозьненьне ад перасычанага й зьняверанага гораду, агітацыя проста выбухае.

На Майдане ў Кіеве мне расказвалі, як цэнтар і поўнач Украіны сталіся спрэс аранжавымі. Агітбрыгады з абласных і раённых цэнтраў выяжджалі ў кожную вёсачку. Вынік — у 17 украінскіх абласьцях вёска прагаласавала супраць кандыдата ад рэжыму.

У Беларусі больш за 23 тыс. вёсак. За дзень два-тры актывісты на машыне ў стане аб’ехаць 10—12 вёсак, абклейваючы па дарозе ключавыя «пункты» — прыпынкі, крамы, фэрмы, калодзежы. Няцяжка падлічыць: за паўгоду да выбараў 15 аўтамашын з 30—40 расклейшчыкамі могуць правесьці агітацыйную хвалю па ўсёй вясковай Беларусі.

Вёска, якая масава кажа «Хопіць!», — крах рэжыму. Сучасная беларуская нацыя сфармаваная вёскай і вяскоўцамі, няўжо цяпер мы аддамо мацярык беларускасьці абы-каму?

Калі ўспомнім пра забытую вёску й разьвеем міт пра «садамаўскі адсотак» у Алёшчы, Ратамцы, Лоску, Германовічах — у 2006-м абавязкова пераможам.

Малое Сітна

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?