Ана Іванавіч найлепшая тэнісістка сьвету |
У агульным рэйтынгу Максім Мірны страціў 40 пунктаў і адкаціўся на 301‑ы радок. У яго 120 пунктаў.
Максу ў сьпіну дыхае Ўладзімер Ваўчкоў, які займае 380‑ы радок. Уладзімер наадварот узьняўся на восем радкоў, прытым, што нябярэ ўдзелу ў турнірах ATP.
Уладзімер Ігнацік — 503‑ці, Андрэй Каратчэня — 787‑ы, у першай тысячы таксама — Сяргей Бетаў і Павал Катляроў, у іх адпаведна 880‑е і 883‑е месца.
Лідзіруе па‑ранейшаму швайцарац Роджэр Фэдэрэр. Ён мае 6 900 пунктаў, больш чым тысячу саступае яму пераможца Ралян Гарос Рафаэль Надаль. У яго 5 775 пунктаў, у першай дзясятцы Новак Джокавіч (Сербія), Мікалай Давыдзенка (Расея), Давід Фэрэр (Гішпанія), Эндзі Родзік (ЗША), Давід Налбандзян (Аргентына), Джэймс Блэйк (ЗША), Рышар Гаске (Францыя), Станіслас Ваўрынка (Швайцарыя).
У чэмпіёнскай гонцы 2008 г. Надаль, наадварот, лідзіруе, маючы 755 пунктаў. Джокавіч займае другі радок (642), Фэдэрэр — трэці (545). Акурат Надаль і абыграў Фэдэрэра ў фінале Ралян Гарос.
Макс Мірны ў чэмпіёнскай гонцы займае 138‑е месца. Ён панізіўся на тры пазыцыі.
Беларус паступова падае і ў рэйтынгу найлепшых парных тэністаў. І гэтым разам ён страціў адну пазыцыю і цяпер займае 28‑ы радок. Лідзірнуюць па‑ранейшаму браты Боб і Майк Браяны.
Пара Мірны / Джэймс Мюрэй займае 13‑ы радок.
Што тычыць жаночых рэйтынгаў, то Вікторыя Азаранка захавала 16‑ю пазыцыю ў рэйтынгу індывідуальнага разраду. Вольга Гаварцова і Настасься Якімава таксама засталіся на сваіх месцах: 36‑е і 131‑е.
А лідэрства захапілі дзьве сербскія тэнісісткі: Ана Іванавіч і Елена Янкавіч.
У першай дзясятцы ажно пяць прадстаўнічак Расеі: Марыя Шарапава, Сьвятлана Кузьняцова, Алена Дзяменцева (3‑е — 5‑е месцы), Анна Чакветадзэ і Дзінара Сафіна займаюць 8‑ю і 9‑ю месцы.