Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая ініцыюе ў парламенце разгляд законапраекта, які адмяняе артыкул 234 Крымінальнага кодэкса аб ілжэпрадпрымальніцтве.

Пра гэта паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька паводле вынікаў круглага стала «Дэкрыміналізацыі эканамічных адносін у Беларусі. Новыя магчымасці ўзаемадзеяння бізнесу і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў», які прайшоў 29 верасня ў Мінску.

«Гэта ўжо другі круглы стол, ініцыяваны Ганнай Канапацкай і экспертным саветам пры АГП. Сёння ў нас была тэма эканомікі, прадпрымальніцтва, бізнесу, якая вельмі важная для партыі. Мы памалу пачынаем рабіць спробы перайсці ў практычнае рэчышча рэалізацыі праграмы «Мільён новых працоўных месцаў», — сказаў Лябедзька.

Новая эканамічная праграма АГП, адзначыў палітык, разлічаная прыкладна на чатыры гады. «З прадпрымальніцкімі структурамі, экспертамі і эканамістамі у нас поўны кансэнсус: першым крокам у плане заканадаўчай ініцыятывы павінна быць спроба выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкул 234 аб ілжэпрадпрымальніцтве. Ён закранае шмат людзей. Сёння прагучала лічба 8 тыс. чалавек, якія знаходзяцца ў турме з-за эканамічных злачынстваў, многія з іх — на падставе гэтага артыкула. Зразумела, што гэта не мацёрыя забойцы і рабаўнікі, гэта людзі, якія могуць ствараць працоўныя месцы, зарабляць грошы», — заявіў Лябедзька.

Ён паведаміў, што Канапацкая будзе імкнуцца вынесці гэтае пытанне на абмеркаванне Палаты прадстаўнікоў ужо восенню гэтага года. «Працоўная група, якую ўзначаліў намеснік старшыні партыі Леў Марголін, прапануе план на перспектыву да вясновай сесіі», — сказаў палітык.

Як паведамлялася раней, Канапацкая мае намер таксама ініцыяваць у Палаце прадстаўнікоў разгляд паправак у выбарчае заканадаўства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?